Собирайтесь, Докшицы, на «Толоку»!


Сваю канцэртную праграму вакальна-харэаграфічны ансамбль “Талака” ў Докшыцах пакажа не ўпершыню. Мяркую, аматары вакальна-харэаграфічнага мастацтва знаёмы з  творчасцю праслаўленага калектыву, бо ён неаднаразова прадстаўляў Віцебшчыну на рэспубліканскай сцэне. Яго канцэртныя нумары гледачы заўсёды прымаюць з захапленнем – так было і ў нашым горадзе.

У 1993 годзе ў Віцебскай абласной філармоніі харэограф Мікалай Падаляк стварыў калектыў аднадумцаў, які атрымаў назву “Талака”. Бо менавіта разам – талакой – было прынята даўней выконваць важную і тэрміновую работу. Сумеснымі сіламі берагчы і прапагандаваць багаты і яркі нацыянальны фальклор – творчае крэда калектыву. Аснову харэаграфічнай праграмы ансамбля танца, песні і музыкі “Талака” складаюць народна-сцэнічныя танцы і харэаграфічныя замалёўкі розных рэгіёнаў Беларусі, якія па сваіх  традыцыях, малюнку, манеры выканання і характары каляровай гамы ў строі адрозніваюцца адзін ад аднаго. Надоўга застаюцца ў памяці гарадскі бытавы танец “Ойра”, харэаграфічная замалёўка “Бабылі”, “Кола”, “Закаблукі”, “Баравенічкі” і іншыя. Пры гэтым рэпертуар не абмяжоўваецца толькі беларускімі народнымі танцамі, але і знаёміць з нацыянальнай культурай іншых народаў, якія жывуць у нашай краіне. Песні і музыка, якія ідуць з самых глыбінь душы артыстаў, вызываюць шчырыя, самыя лепшыя эмоцыі ў слухачоў, злучаючы тым самым у адзінае і мінулае, і сучаснасць, і будучыню. Песенны рэпертуар прадстаўлены беларускімі народнымі напевамі віцебскага рэгіёна ў традыцыйным распеве, прафесійнымі апрацоўкамі народных песень М. Сіраты, А. Рошчынскага, М. Дрынеўскага, А. Кашпура і аўтарскімі творамі нацыянальных кампазітараў І. Лучанка, Л. Захлеўнага і іншых. За гады існавання ансамбль “Талака” заняў пачэснае месца сярод прафесіянальных калектываў рэспублікі. Яркая, самабытная творчасць артыстаў атрымала заслужанае прызнанне ў Беларусі і за яе межамі: Расіі, Украіне, Польшчы, Латвіі, Балгарыі, Малдове, Германіі, Францыі, Іспаніі, Партугаліі, Андоры. А зараз докшыцкі глядач і слухач зноў зможа ацаніць высокі ўзровень майстэрства праслаўленага калектыву. Канцэрт у нашым горадзе адбудзецца ў нядзелю, 20 лістапада, у 16 гадзін. Прымаць гасцей будзе кінаканцэртная зала “Іскра”. Білеты можна набыць у касе кінаканцэртнай залы па цане 25 тысяч рублёў. Не прапусціце такую цікавую культурную падзею ў жыцці раёна!

Таццяна  МАЦЮШОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *