Молодых специалистов приняли в рабочую семью

Маладым людзям, якія ўпершыню выходзяць на працу пасля заканчэння навучальных устаноў, першы час бывае складана адаптавацца на новым месцы, уліцца ў калектыў і прымяніць тэарэтычныя веды на практыцы. Ім патрабуюцца ўвага, дапамога і падтрымка.

Для таго, каб маладыя спецыялісты, якія прыехалі ў наш раён у гэтым годзе на працу, змаглі адчуць увагу, пазнаёміцца паміж сабой і  з кіраўніцтвам раёна, абмеркаваць надзённыя праблемы, іх і запрасілі на сустрэчу 16 снежня ў кінаканцэртную залу “Іскра”.

На злёт маладых спецыялістаў прыйшлі  прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй райвыканкама Алегам Пінчуком і намеснікі кіраўнікоў арганізацый прадпрыемстваў і ўстаноў па ідэалагічнай рабоце. Урачыстая частка мерапрыемства прайшла ў актавай зале. Са сцэны маладое папаўненне працоўнай сям’і раёна прывітаў Алег Леанідавіч. Ён шчыра дзякаваў маладым людзям за тое, што яны пачалі сваю працоўную дзейнасць у Докшыцкім раёне. Перш-наперш папрасіў іх вызначыцца са сваімі асабістымі і працоўнымі мэтамі. Спадзяваўся, што яны будуць накіраваныя не толькі на ўласны камфорт, але і на карысць раёна.

– Вы – гэта наш заўтрашні дзень, – гаварыў Алег Леанідавіч, звяртаючыся да маладых спецыялістаў. – Перад вамі шырокае поле дзейнасці. Мы чакаем вашай ініцыятывы, граматных прапаноў, энергіі. Ведайце, першае працоўнае месца, жыллё, няхай пакуль і не асабістае, заработная плата – гэта не пустыя словы. Гэта крок у стабільнасць і пачатак вашай самастойнай сацыяльнай вартасці. Даражыце гэтым  і паважайце. Кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, у якія вы прыйшлі працаваць, раённая ўлада заўсёды рады вас падтрымаць і падставіць вам плячо.

У сваім звароце да моладзі Алег Леанідавіч паведаміў, што кіраўнікамі арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў павінны разглядацца ўсе магчымасці, каб забяспечыць маладых спецыялістаў жыллём, аказаць матэрыяльную дапамогу, стварыць камфортныя ўмовы працы. Усе праблемныя пытанні патрабаваў вырашаць на месцах. Таксама заўважаць, знаходзіць і годна  ацэньваць таленавітых, ініцыятыўных, разумных маладых людзей, дапамагаць ім рэалізоўвацца і падымацца па кар’ернай лесвіцы.

Напрыканцы свайго выступлення старшыня райвыканкама прапанаваў задаваць яму пытанні, пажадаў усім маладым спецыялістам здароўя, задавальнення ад працы, самарэалізацыі ў нашым раёне, а таксама цікава і плённа правесці вечар.

Потым для ўсіх прысутных правялі відэаэкскурсію па Докшыцах і раёне і запрасілі ў фае кінаканцэртнай залы для правядзення канцэртнай і забаўляльнай праграмы.

Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Сяргей Шчалкуноў вітаў і віншаваў усіх прысутных, жадаў добрага настрою ў працы і цікавага адпачынку.

Маладыя людзі ўдзельнічалі ў разнастайных конкурсах, танцавалі, дзяліліся сваімі ўражаннямі. Разам з імі знаходзіліся намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях В.Ю. Рандарэвіч, спецыяліст па арганізацыйна-кадравай рабоце Н.В. Фурсевіч, начальнікі аддзелаў райвыканкама, намеснікі кіраўнікоў арганізацый па ідэалагічнай рабоце, актывісты ГА “БРСМ”. Яны ў вольнай абстаноўцы знаёміліся з маладымі спецыялістамі, размаўлялі з імі, падбадзёрвалі.  Гэта дазволіла моладзі адчуць падтрымку ўлады, займець пачуццё карпаратыўнасці і еднасці. Многія запрошаныя выказвалі задавальненне ад сустрэчы і сваіх першых працоўных будняў.

Яўген Шылько:

– Родам я з Валкалаты. Вучыўся па мэтавым накіраванні ад Валкалацкай школы. Таму, атрымаўшы спецыяльнасць менеджэра па спорце і турызме, вярнуўся на радзіму і цяпер працую настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў Валкалацкай школе. Мяне тут чакалі. Калектыў добры: дапамагаюць, падтрымліваюць. Умовамі працы задаволены. Наладзіў добрыя зносіны з вучнямі. У жыллі не маю патрэбы, бо пражываю ў сваёй цёці. Вечары  займаю спартыўнымі секцыямі, баўлю час з сябрамі, даўнімі і новымі.

Вольга Германовіч:

– Докшыцы для мяне – родны горад. Я тут нарадзілася і жыву. Зараз працую па спецыяльнасці ў РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”  бухгалтарам. Праца мне падабаецца. Задавальняюць і ўважлівыя адносіны кіраўнікоў і калег.

Андрэй Аверын:

– Была магчымасць працаваць у Віцебску, але я вельмі хацеў на радзіму. Так і сталася. Цяпер працую ўчастковым інспектарам у Докшыцкім РАУС. Калектыў тут цудоўны, кіраўнікі – таксама: уважлівыя, неабыякавыя. Ёсць перспектыва кар’ернага росту. На наступны год мне прапанавалі пасаду следчага ў следчым камітэце Докшыцкага раёна. У жыллі пакуль што патрэбы не маю, бо жыву ў бацькоў у Целяшах. Сённяшняе мерапрыемства лічу вельмі карысным. Тут мы, пачынаючыя спецыялісты, маглі сабрацца разам, пазнаёміцца, абмеркаваць асабістыя і працоўныя пытанні, проста адчуць сябе патрэбнымі.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: маладыя спецыялісты на канцэртна-забаўляльнай праграме.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *