Новости Докшицкого района
Вечар сустрэчы выпускнікоў
У мінулую суботу, нягледзячы на халоднае надвор’е, у школах раёна было шматлюдна і цёпла ад усмешак, абдымкаў, жартаў. Як заўсёды, у гэты час праходзіў адзін урок – урок успамінаў. І першая настаўніца, і першая агульнашкольная лінейка, і першае каханне, і першыя цяжкасці – гэта тое, што аб’ядноўвае былую дзетвару і прыцягвае да самых прыемных успамінаў. З усіх канцоў Беларусі, нават з-за яе межаў прыехалі ўжо дарослыя людзі, каб сустрэцца з дзяцінствам. Ганаровымі гасцямі школ былі выпускнікі, якія закончылі школу 5, 10, 15, 20, 25, 30 і больш гадоў таму. І няхай у многіх свае дзеці-школьнікі, ёсць унукі – сустрэча з юнацтвам – шчаслівая пара.
«Калядная зорка»
21 студзеня ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбылося ўрачыстае закрыццё рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”. На мерапрыемства былі запрошаны і нашы докшыцкія дзеці. Галоўным момантам была ўрачыстая цырымонія ўнагароджання пераможцаў і прызёраў выставы-конкурсу. У іх ліку значыліся і навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Беларуская саломка” Докшыцкага раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Гэта Мікалай Маслоўскі, Дамінік Бычкоў, Ігар Кішулька, Лізавета Пруднік на чале з педагогам дадатковай адукацыі Алай Ягораўнай Герко.
Атрымаць дыплом Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за трэцяе месца з рук старшыні рэспубліканскага журы – вялікі гонар. Кожны ўдзельнік атрымаў каталог лепшых работ рэспубліканскай выставы, падарункі ад кандытарскай фабрыкі “Слодыч”, кампаній “Анега”, “Чупа-чупс”.
Экскурсія па выставе дала магчымасць павучыцца, знайсці штосьці новае для сябе, для будучых творчых работ. Усе дзеці займаюцца ў гуртку не першы год, асабліва любяць саломапляценне. Кветкі, цацкі, лялькі, нават капялюш – сплецены іх рукамі. Штогод вырабы паспяхова выстаўляюцца на розных раённых і абласных выставах, конкурсах.
Прыехаўшы з Мінска, усе разам абмяркоўвалі ўдзел гуртка ў наступным конкурсе – у майстар-класе “Залатая саломка”, які адбудзецца ў Віцебску. З натхненнем, добрым настроем і новымі задумкамі пачалі рыхтавацца да яго шасцікласнікі Мікалай Маслоўскі і Ігар Кішулька.
Санаторна-курортнае аздараўленне
Здароўе людзей – праблема дзяржаўнага маштабу, і адным з самых эфектыўных сродкаў яго ўмацавання з’яўляецца аздараўленне ў санаторна-курортных умовах.
У мінулым годзе органамі дзяржаўнага сацыяльнага страхавання для аздараўлення працаўнікоў раёна і дзяцей было выдаткавана больш чым 194 мільёны рублёў. У санаторна-курортных установах рэспублікі пабывалі 154 чалавекі. На ўмацаванне здароўя непрацуючых ветэранаў міністэрства працы і дзяцей-інвалідаў з суправаджэннем дарослых былі выдзелены сродкі з рэспубліканскага бюджэту, за кошт якіх падлячылася 36 чалавек. Агульная сума грошай, якія былі затрачаны на аздараўленне жыхароў раёна, склала 231 мільён 376 тысяч рублёў.