Здароўе шукайце ў агародзе

Гэту зграбную, малажавую жанчыну нельга не заўважыць сярод гандлярак агароднінай на рынку ў пятніцу. У яе звычайна самая лепшая расада капусты, памідораў, а часнок на зайздрасць буйны і чысты.

Градкамі Зінаіда Мікалаеўна занялася, калі раней часу пайшла на пенсію. Ёй было толькі 54 гады, калі напачатку 90-х гадоў стала “развальвацца” сістэма бытавога абслугоўвання, якой яна аддала ўсё сваё працоўнае жыццё. Гараджане памятаюць яе добрай закройшчыцай, а перад пенсіяй і ў якасці касіра жанчыне ўжо не было месца. Вось і рашыла, што лепш будзе застацца дома. Без работы рукі сумавалі, таму знайшла ім прымяненне на агародзе. Рашыла, што будзе вырошчваць расаду капусты. Шляхам спроб і памылак, знаёмства з садаводчай літаратурай  дабілася ў гэтай справе дасканаласці. Тады прынялася за памідоры, пазней – за часнок. Быў перыяд, што вырошчвала капусту на некалькіх сотках на качаны. Усё паспрабавала.

Зінаіда Мікалаеўна за працай узросту не заўважае. Кажа, што на першым часе і ногі балець перасталі, калі працаваць стала для сябе, для душы. Не заўважыла, як і семдзесят год споўнілася. Муж на пенсію пайшоў, сыны ажаніліся. Унучка ледзь не нявеста. Можна, скажа нехта, ужо і адпачыць. Толькі адпачынак у кожнага розны: адзін “стамляецца” байкі на прызбе перамолваць, другі – адпачывае з матыкай у руках.

Залішне працаваць, канечне, не трэба, – лічыць Зінаіда Мікалаеўна. – Але і седзячы склаўшы рукі, здароўя не прыдбаеш. Я ўсё раблю пакуль у ахвоту. Пастарэлі з мужам, значыць, менш свіней сталі трымаць. Я градак крыху зменшыла, ад памідораў адмовілася, надта яны працаёмкія, стала ўжо цяжкавата. Але зусім сесці – гэта не па мне.  А за здароўем трэба сачыць, само па сабе яно не даецца, у меру спаць, у меру есці і рухацца, колькі можаш. Тады яшчэ можна са старасцю пазмагацца.

Тамара СТАДНЮК.

НА ЗДЫМКУ: жыхарка Докшыц З.М. Габранская.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *