Докшицкие выпускники выбирали профессии

“Каб быць шчаслівым, мне трэба заўсёды кагосьці любіць, чагосьці чакаць і нешта рабіць”, – казаў кароль рок-н-рола Элвіс Прэслі. І сапраўды, немагчыма ўявіць жыццё (канечне, магчыма, але выглядаць яно будзе непаўнацэнным) без кахання, надзеі і справы свайго жыцця. Апошняя можа быць і хобі, але сапраўднае шчасце спазнае чалавек, калі сваю справу ён знойдзе ў прафесіі. Дзеля таго, каб докшыцкія юнакі і дзяўчаты загадзя маглі пазнаёміцца з разнастайнымі ўстановамі адукацыі, падрабязней даведацца пра прафесіі, якія там атрымоўваюць, і зрабіць правільны выбар лёсу, на мінулым тыдні райвыканкамам было арганізавана мерапрыемства “Кірмаш прафесій”.

Шматлікія “гандляры” дэманстравалі свой тавар на ўсе лады: былі задзейнічаны кароткаметражныя фільмы і відэасюжэты з тэлеперадач айчынных каналаў, слайды і фотаздымкі. Каледжы і ВНУ былі прадстаўлены ў чатырох “намінацыях”. Гэта, у першую чаргу, сельская гаспадарка, бо наш раён мае славу сельскагаспадарчага, а таксама будаўніцтва, гандаль і культура. Як заўсёды, на докшыцкую зямлю завіталі пастаянныя госці з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, якая знаходзіцца ў Горках,  і БДАТУ, з акадэміі ветэрынарнай медыцыны, што ў Віцебску, і з разнастайных каледжаў аграрнага профілю з Лепеля, Улы, Глыбокага, Лужасна і Ветрына. Не абышлося без будаўнічых устаноў Лепеля і Полацка. Таксама Полацк разам з Мінскам прадстаўлялі каледжы гандлёвага кірунку. Галіну культуры ва ўсёй красе прадэманстраваў дэканат Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва.

– Калі мы атрымалі запрашэнне ад Докшыцкага раёна на гэтае мерапрыемства, то адразу ўзгадалі, што Віцебшчына надзвычай славіцца талентамі, і вырашылі прыехаць у колькасці чатырох дэканаў, каб у большым аб’ёме прадставіць наш універсітэт і запрасіць докшыцкіх выпускнікоў да сябе, – распавёў Ігар Гарнак, дэкан факультэта дадатковай адукацыі.           

На мерапрыемства былі таксама запрошаны і прадстаўнікі іншых важных для грамадства галін: такіх  як медыцына, адукацыя і гэтак далей. Але, на жаль, гэтыя навучальныя ўстановы сёлета не змаглі наведаць докшыцкі “Кірмаш прафесій”. 

Такім чынам, надыходзіць гарачая пара не толькі для хлебаробаў, але і для выпускнікоў школ. Бо тое “зерне” выбару, якое яны пасеюць ужо зараз, праз колькі год далейшай вучобы павінна прынесці годныя плады. Але таксама не павінны забывацца будучыя студэнты і пра тое, што “самая складаная прафесія – быць чалавекам”. Быць чалавекам і любіць справу, якую робіш.   

Вера СНАРСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: Генадзь Грыгаровіч і Кацярына Каросцік, вучні 11 выпускнога класа Параф’янаўскай сярэдняй школы,  ужо ведаюць, якія прафесіі жадаюць абраць. Гена хоча паступіць ва ўніверсітэт у Наваполацк на машынабудаўнічы факультэт, спецыяльнасць “аўтасэрвіс”. Мае схільнасці да тэхнікі, тым больш сябры, якія ўжо вучацца ў ПДУ, раяць туды паступаць. Нягледзячы на тое, што ў хлопца ёсць таксама здольнасці да гісторыі – на раённай алімпіядзе сёлета атрымаў  дыплом трэцяй ступені – лічыць, што мужчыну ў жыцці больш спатрэбіцца тэхнічная спецыяльнасць.

Кацярына жадае стаць лагапедам, алігафрэн-педагогам, дзеля гэтага плануе паступіць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Кажа, што вельмі любіць маленькіх дзяцей і хоча дапамагаць ім  у  навучальным развіцці. 

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *