Первый храм в Березино Докшицкого района

Да рэвалюцыі Божае благаславенне і ахову гэтаму цудоўнаму лясному краю неслі два праваслаўныя храмы, якія знаходзіліся ў вёсцы Беразіно. Потым адзін разбурылі бальшавікі, а другі – немцы. Звесткі па гісторыі праваслаўя ў гэтым рэгіёне сабрала па крупінках матушка Святлана Іоська. Яна ўстанавіла, што апошняя царква, якую ў вайну разабралі немцы і выкарысталі, як будаўнічы матэрыял для навядзення пераправы, была названа ў гонар Святога Духа. Таму пытання аб тым, якую назву будзе насіць створанае ў Беразіно праваслаўнае таварыства, не паўставала. Канечне, Святога Духа.

Зараз невялічкі купал царквы Святога Духа ўжо лунае над мястэчкам (на здымку) . Перш, чым так адбылося,  было прыкладзена  шмат намаганняў з боку ўлады, свяшчэннікаў, простых прыхаджан. Кожны дапамагаў, чым мог. Жыхары вёскі Ліпск першымі ахвяравалі грошы на будаўніцтва храма. Потым да іх далучыліся іншыя вяскоўцы. Справа кардынальна змянілася пасля таго, як жыхарка Беразіно Ніна Пятроўна Захарэвіч звярнулася з просьбай да старшыні райвыканкама А.Л. Пінчука аб выдзяленні пад храм будынка былой крамы. Пасля вывучэння пытання, просьба вяскоўкі была задаволена. Першыя рамонтныя работы дапамаглі правесці ААТ “Райаграсэрвіс”, Бярэзінскі ўчастак РУП ЖКГ, два лясніцтвы Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Былая крама паступова стала набываць выгляд храма. Асабліва вялікі ўклад у яго будаўніцтва ўнёс і працягвае далей з душой гэта рабіць мясцовы фермер Васіль Мацкевіч.

Сёлета, на другі дзень Святой Тройцы, настаяцель Тумілавіцкай царквы айцец Пётр Іоська праводзіў у храме святочную літургію. Тых, хто прыйшоў памаліцца, было пакуль што няшмат. Не адразу вера прыйдзе ў край, дзе нават сярод пажылых людзей яшчэ можна знайсці нехрышчоных. Узведзены храм – гэта насенне, кінутае ў зямлю. Шмат прыйдзецца прыкласці намаганняў, каб вырасла на гэтым месцы прыгожая, моцная, здаровая расліна Веры і Уратавання для аблудных душ.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *