Завершилась первая смена школьных лагерей в Докшицком районе

На кожны хаос патрэбен парадак – толькі так магчыма захаваць гармонію ўнутры і вакол сябе. Менавіта таму вельмі важна шчасліваму хаосу школьнага летняга адпачынку прапанаваць вывераны распарадак, які будзе ўключаць у сваю структуру цікавыя і карысныя заняткі. Які будзе пакідаць у кожным насычаным дні  былых вучняў невялічкае “месца”, каб агледзецца і зразумець: лета не праходзіць міма! 23 лагеры пры школах раёна за першую змену пераканалі ў гэтым 381 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Кожны лагер меў свой спецыяльны профіль, які імкнуўся рэалізаваць разнастайныя схільнасці і памкненні дзяцей. Гэта турыстычна-спартыўны і ваенна-патрыятычны,  экалагічны і працоўны, спартыўны, мастацкі, эстэтычны і гэтак далей. Да прыкладу, у працоўным лагеры, дзе былі рамонтныя брыгады, вучні не толькі набылі карысны вопыт, але і атрымалі заработную плату. Акрамя таго, на тэрыторыі раёна ўсю першую змену, якая завяршылася на мінулым тыдні, дзейнічаў 9-дзённы кругласутачны лагер пры Бярозкаўскай школе.

– Для 18 выхаванцаў у нас было арганізавана 5-разовае харчаванне, – расказвае начальнік лагера Васіль Кавалёнак. – Адпачывалі дзеці са шматдзетных, малазабяспечаных і неблаганадзейных сем’яў. Два выхавацелі былі пастаянна разам з вучнямі, надвор’е асабліва не перашкаджала ставіць палаткі – таму жылі ў іх на прышкольным участку. Штодзень абавязкова ладзілі нейкае спартыўнае мерапрыемства: спаборніцтвы па футболе, валейболе, паласа перашкод, шашкі і шахматы… Ажыццявілі двухдзённы турпаход па маршруце Бярозкі – Вялікае Поле – Кромавічы – Вілейка – Гарадзішча – Бярозкі. Акрамя таго, паказвалі дзецям фільмы і арганізоўвалі дыскатэкі. Увечары выхаванцы лагера раскладалі вогнішча і, па ўласным жаданні, вучыліся на ім гатаваць ежу.

Зусім іншы профіль прапанаваў двум сваім атрадам лагер “Усмешка” раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Эстэтычны кірунак узяў у палон творчасці дзетак з 3 па 7 клас і кожны дзень ствараў для іх сапраўднае свята. У дзень казкі яны прыдумлялі казачных герояў і самі былі героямі, у дзень сям’і стваралі генеалагічнае дрэва і расказвалі пра сваіх родных, у дзень этнаграфіі ладзілі падарожжа ў музей, у дзень фантазёраў уяўлялі і малявалі іншапланецян. Выхаванцы лагера вывучалі родны горад і адказвалі на пытанні віктарыны, штодзень атрымлівалі смайлікі за праяўленыя ўменні, віншавалі сяброў і выдумлялі цікавую праграму дзеля развітання з лагерам. Развітваліся, па ўсім бачна, з лёгкім сумам і жаданнем сустрэцца зноў. Як запэўнілі нас у аддзеле адукацыі райвыканкама, другая змена лагераў пры школах пачнецца 26 ліпеня і адчыніць дзверы для 130 дзяцей. Калі лета насычана цікавымі падзеямі і новымі сябрамі, яно проста не зможа забыцца. А значыць, усё працягнецца: гісторыя і гармонія.

Таццяна МАЦЮШОНАК.

НА ЗДЫМКУ: будні кругласутачнага лагера ў Бярозках.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *