История в знаках на камнях в Докшицком районе
Валуны на ўскрайках палёў – вельмі частая, можна сказаць, тыповая з’ява ў нашым рэгіёне. Не асабліва звяртаеш на іх увагу.Замінаюць ворыву. Непазбежнае зло. Аднак не ўсе валуны “простыя”. Яны могуць расказаць шмат цікавага.
Пачнем з самага знакамітага — Сцёп-каменя. Ён апісаны шмат разоў, авеяны легендамі. Прыгледземся. Ясна бачны два крыжыкі. Адзін з іх – “Галгофа”, сімвал укрыжавання Хрыста. Адкуль на язычніцкім “камяні-краўцу” з’явілася хрысціянская сімволіка?
Вучоныя лічаць, што гэта адно з адлюстраванняў доўгай, жорсткай і зацятай барацьбы хрысціянства з мясцовым язычніцтвам. Беларускі археолаг Зайкоўскі, які падрабязна даследаваў помнік, выявіў яго ад слупа, дзе, магчыма, стаяў драўляны ідал Вялеса, якога шанавалі ў нашай мясцовасці.
Пасля прыняцця хрысціянства крыжы выбіваліся на старажытных культавых камянях, якім пакланяліся язычнікі. Мэтай ставілася змена іх ідэалагічнай прыналежнасці. Нават пакланяючыся ідалу, язычнік міжволі паклоніцца і Хрысту. Аднак сам камень не кранулі. Гэта магло выклікаць пратэст насельніцтва. Даўнія святары былі мудрымі людзьмі.
Але ёсць і дзіўны прыклад адваротнага – язычніцкая выява на хрысціянскім крыжы. На адным з каменных крыжоў у Докшыцкім раёне ясна бачна “Дрэва жыцця” – глыбока язычніцкі знак, што сімвалізуе непарушную сувязь трох частак Сусвету – нябеснай, зямной і патаемнай падземнай. Якім чынам “дрэва жыцця” трапіла на хрысціянскі крыж? Высеклі язычнікі? Верагодна, але гэта ўлада магла расцаніць, як выступленне супраць новай веры. За падобнае можна было моцна паплаціцца.
Хутчэй за ўсё, валун быў апрацаваны, яму нададзена форма крыжа, але знак ранейшага культу застаўся, толькі ўжо ў новым афармленні перамогшага хрысціянства.
Нават на гэтых двух прыкладах можна пераканацца ў працяглым супрацьстаянні хрысціянства і язычніцтва на нашых землях. Але “агню і мяча” не было. Існавала пэўная верацярпімасць, хрысціянізацыя ішла паступова. Новая вера з цягам часу выцясняла язычніцтва, аднак летапісы не данеслі да нас звестак пра адкрыты гвалт, як гэта было ў іншых хрысціянізуемых землях.
На валунах сустракаюцца знакі, якія не могуць мець прыроднага паходжання, але іх значэнне, на жаль, назаўсёды страчана.
Сцяпан Целеш.