Поделки докшицких детей радуют взрослых
У выставачнай зале дома рамёстваў прадстаўлены работы гурткоўцаў народнай творчасці школ раёна. “Дзіцячая фантазія” дабром, гармоніяй і прыгажосцю напоўніла дом талентаў і захапленняў, светлай радасці людзей, якія цягнуцца да мастацтва. На сценах – карціны, вышытыя атласнымі стужкамі і зробленыя з харчовага цеста, аплікацыі з тканіны і саломы, звязаныя з нітак звяры і лялькі, выразаныя з дрэва статуэткі…
Перш, чым работы маглі трапіць на выставу, з навучэнцамі працавалі настаўнікі: СШ № 1 і № 2 г. Докшыцы І.М. Марковіч, Н.А. Гапанёнак, В.М. Гарбачова, С.М. Ставер, Барсукоўскай школы – І.Ф. Гільніч, Парплішчанскай – Л.І. Ступак, Параф’янаўскай – В.А. Сазановіч, Цэнтра дзяцей і моладзі – М.В. Каляда і С.М. Ючкавіч, дома рамёстваў – А.С. Вішнеўскі.
Складана выбраць лепшую работу: кожная з іх прыгожая і адметная. Сціпла і акуратна зроблены дэкарацыі са стужкамі Анастасіі Глымушка з Барсукоў. Гарэзліва размясціліся атласныя яркія кветкі на чорным велюравым палатне ў Алены Гапанёнак з Докшыц. Незабыўнай атрымалася “Паўлінка” ў гараджанкі Наташы Барысёнак.
Асаблівую ўвагу прыцягваюць да сябе работы ў кірунку цестапластыкі. Здорава атрымаўся “Навагодні эцюд” у Каці Зубаравай і “Зіма” – у Святланы Вайцяховіч з Порплішча, Дзімы Ставера “Я мужык-беларус” (здымак 1) з Докшыц.
Вялікую колькасць непаўторных аўтарскіх работ прадставілі на выставу выхаванцы параф’янаўскай школы. Гэта вясельная кампазіцыя двух мядзведзяў на паляне сярод кветак (здымак 2) Паліны Пашкоўскай. Звяры звязаны з нітак, а кветкі зроблены са стужак. Выдзяляюцца і пашытыя з ласкутоў баба Яга і лялька Дзіны Фёдаравай.
Асобнае месца сярод вырабаў маленькіх умельцаў займалі выразаныя з дрэва талеркі і дошкі Дзмітрыя Шнітко, Максіма Ковеля, Андрэя Ставера.
Кожная работа непаўторная і па-свойму цікавая. Колькасць дзяцей, якіх прыцягвае да сябе самабытная народная культура, павялічваецца з кожным годам.
Тэкст і фота Нэлі БЯЛЯЎСКАЙ.