Лесничий Докшицкого района работает на зелёное наследие

Тэрыторыя Замастоцкага лясніцтва складае каля 10  тысяч гектараў. “Напэўна, прыемна  адчуваць сябе гаспадаром на такім вялікім участку лясных угоддзяў?” – задаём першае пытанне ляснічаму Уладзіміру Шыла. “Найперш я адчуваю  вялікую адказнасць” – не задумваючыся адказаў ён.

Уладзімір Аляксандравіч – лесавод спадчынны. Яго дзед і бацька ў свой час працавалі ў гэтым жа лясніцтве. Сам ён назапашваў вопыт праходзячы ўсе прыступкі прафесійнай лесвіцы. Пачынаў лесніком, пасля паступлення ў Полацкі лясны тэхнікум яго назначылі майстрам лесу, затым стаў памочнікам ляснічага. Два гады таму сам узначаліў лясніцтва. Працуючы на ўсіх пасадах, атрымліваў добрую ацэнку кіраўніцтва і ўзнагароджваўся граматамі Бягомльскага лясгаса. Аднак, калі яго называюць прафесіяналам, не любіць. Гаворыць, што гэтага яшчэ не заслугоўвае.

– Многае залежыць ад калектыву. Я задаволены працай кожнага супрацоўніка. Са мной працуюць адказныя людзі: вельмі вопытны галоўны бухгалтар Надзея Адамовіч, мая правая рука – памочнік ляснічага Юрый Конанаў. З гэтымі людзьмі я адчуваю сябе ўпэўнена.

– Калі ў вас дрэнны настрой, ідзяце ў лес? – вырвалася, як думалася, рытарычнае пытанне.

– Я люблю лес, але ў мяне не бывае дрэннага настрою, – здзівіў адказам ляснічы.

Яго словы абсалютна пацвярджаюць калегі і начальнікі.  Гавораць, што Уладзімір Аляксандравіч ніколі не гаворыць пра праблемы.  Якой бы цяжкасці заданне яму ні даручыў, ён яго выканае дасканала і ў тэрмін без нараканняў.

Галоўнай сваёй мэтай у рабоце Уладзімір Шыла называе дастойную аплату працы сваім работнікам, і разам з тым разумее, што гэта залежыць ад добрых паказчыкаў дзейнасці лясніцтва ў цэлым. Сябе акружае прафесіяналамі, стараецца стварыць для работнікаў  якасныя ўмовы працы. За час яго кіравання штат лясніцтва значна павялічыўся, умацавалася тэхнічная база. Абзавяліся васьмю новымі кустарэзамі, столькі ж набылі бензапілаў, нядаўна займелі новы трактар. Лясніцтва поўнасцю ўкамплектаванае проціпажарным інвентаром. Ужо больш за 8 гадоў тут не дапушчана пажараў і несанкцыянаваных высечак  дрэў. 

Зараз работнікі лясніцтва ўпэўнена рухаюцца да выканання гадавога плана. За 7 месяцаў бягучага года тут ужо нарыхтавана 5,8 тысячы кубічных метраў ліквіднай драўніны, лесаўзнаўленне праведзена на плошчы большай за 20 гектараў. Сума даходаў ад вядзення лясной гаспадаркі складае 287,6 мільёна рублёў, аб’ём прамысловай прадукцыі роўны 1 мільярду 144 мільёнам рублёў.

За высокія паказчыкі ў працы Уладзімір Шыла атрымаў чарговую, аднак першую на кіруючай пасадзе, прафесійную ўзнагароду. Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў яму ўручылі напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў лесу.

– Што самае галоўнае для Вас у жыцці? – пытаемся напрыканцы размовы.

– Мая сям’я.

– Якую аддачу ад працы вы хацелі б атрымаць?

– Хачу бачыць, як вырасце пасаджаны мной лес.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: ляснічы Замостоцкага лясніцтва Уладзімір Шыла.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *