Докшицкий народный театр радует зрителей
Докшыцкі народны тэатр па-ранейшаму радуе гледача пастаноўкай новых спектакляў. Не так даўно прыхільнікі драматычнага мастацтва мелі магчымасць ацаніць чарговую работу рэжысёра тэатра Ганны Яцкоўскай, якая паставіла спектакль па п’есе Святланы Бартохавай “Ганна Карэліна шукае мужчыну”. П’еса, на першы погляд, лёгкая, забаўная, не патрабуючая вялікага разумовага напружання, але, калі капнуць глыбей, то за камедыйнымі сітуацыямі, у якія адзін за адным трапляюць героі, хаваецца даволі значная сацыяльная праблема і заключаецца яна ў тым, што сапраўдных мужчын: здабытчыкаў, абаронцаў, тых, хто дае жанчыне каханне і ўпэўненасць у сабе, становіцца ўсё менш. Алкаголь, ДТЗ і ўсялякія іншыя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя фактары сучаснага жыцця губяць мужчын. Расчараваўшыся ў прадстаўніках моцнай палавіны, многія жанчыны выбіраюць адзіноту замест мужа, які не адпавядае іх ідэалу, але праз некаторы час яны са здзіўленнем разумеюць, што падобнае рашэнне праблем сямейнага жыцця зусім не прыносіць ім шчасця.
Нешта падобнае адбываецца і з галоўнай гераіняй спектакля Ганнай Карэлінай, аналогія прозвішча якой з Ганнай Карэнінай Льва Талстого гаворыць ужо пра многае. Яе ролю цудоўна выканала маладая таленавітая артыстка тэатра Вольга Гмырак. Трэба сказаць, што ў спектаклі наогул былі заняты толькі маладыя артысты. Спыняючы свой выбар на маладых, некаторыя з якіх наогул дэбютавалі ў якасці драматычных артыстаў, рэжысёр многім рызыкавала, але вялікае ўменне ўбачыць у чалавеку артыстычныя здольнасці, якімі заўсёды вызначалася Яцкоўская, не падвялі яе і зараз. Усе артысты, без выключэння, бліскуча справіліся з вобразамі сваіх герояў.
Трапятлівую, летуценную галоўную гераіню, якую лёгка падмануць і пакрыўдзіць мог кожны мужчына, удачна адцяніў вобраз яе сяброўкі Зоі. Дэбютантка Марына Сакалова зрабіла з Зоі практычную, але не пазбаўленую шарму і прывабнасці маладую жанчыну, якая таксама энергічна шукае мужа.
Вельмі ўдала “наклаўся” вобраз палюбоўніка Ганны Нікіціна на асобу артыста народнага тэатра Дзмітрыя Чувахова. Знешне прывабны прыгажун, які быццам толькі сышоў з вокладкі моднага часопіса для жанчын, аказаўся баязлівай, хлуслівай асобай, якая з аднолькавым імпэтам хлусіць і жонцы, і каханцы. Артысту ўдалося на працягу ўсяго спектакля не выйсці з вобраза і да канца давесці ўнутраную лінію псіхалагічнага партрэта героя.
Мяркуючы па апладысментах, якія суправаджалі некаторыя сцэны, гледачам палюбіўся абсалютна адмоўны герой Віталя Замулкі, які не мае сям’і, але затое вельмі любіць чарку. І ў гэтым несумненная заслуга самадзейнага артыста. Віталь здолеў знайсці цікавыя, яркія дэталі, якія як нельга лепш раскрылі камедыйны вобраз яго Рамана.
Складана было працаваць дэбютанту Андрэю Чабану. Яго герой у аўтара абсалютна станоўчы, а таму не вельмі выразны і запамінальны. Андрэй зрабіў усё магчымае, каб гледачы не сумняваліся, чаму галоўная гераіня выбрала ў якасці мужа менавіта Сцяпанава (ролю якую ён выконваў).
Фінал спектакля быў добрым, але многія гледачы лавілі сябе на тым, што ім не хочацца развітвацца з яго героямі, бо надта пазнавальным і жыццёвым было ўсё тое, што бачылі яны на сцэне. Паглядзець яшчэ адну цікавую сямейную гісторыю яны змогуць наступнай вясной – тэатр ужо распачаў работу над новым спектаклем.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: сцэна са спектакля “Ганна Карэліна шукае мужчыну”.
Фота Ю. Шульгата.