Фэст імя Марыі ў Параф’янаве

Імя Найсвяцейшай Панны Марыі – такі тытул Параф’янаўскаму касцёлу ў 1675 годзе даў віленскі біскуп Мікалай Слупскі. 12 верасня, у дзень, калі каталіцкі касцёл успамінае Імя Марыі, у Параф’янаве праходзіць фэст. А ў апошнія гады гэтае свята імкнуцца наведваць усё больш і больш вернікаў. І не толькі з навакольных вёсак, шмат людзей прыязджае здалёк. І прычына таму – той маштаб урачыстасці, які надаў гэтаму дню пробашч парафіі ксёндз Раман Мурзіч. 

Распачалося свята Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ўрачыстай Святой Літургіяй, якую ўзначаліў ксёндз Аляксандр Дулінец (пробашч Падсвільскай парафіі). Разам з іншымі святарамі, якія прыехалі з в. Лучаі, в. Дунілавічы, в. Канстанцінава, г.Вілейкі, г. Беразіно і г. Докшыцы, ён маліўся за параф’янаўскую парафію і яе парафіянаў.

У сваёй прамове да вернікаў кс. Аляксандр падкрэсліў значнасць Дзевы Марыі ў нашым жыцці:

– Імя Марыя з яўрэйскай мовы перакладаецца, як “горкае мора”. На ўсіх іконах і скульптурах яна паказана нам вельмі прыгожай і светлай, але, як сведчыць Біблія, яна пражыла вельмі няпростае жыццё, горкае на слёзы. Мы абавязаны браць прыклад як з яе святога жыцця, так і вучыцца той трываласці, супакою і любові да ўсіх людзей, якім было перапоўнена яе сэрца.

Пасля Святой Імшы адбылася працэсія і пачалася неафіцыйная частка фэсту.

Гаспадар парафіі кс. Раман запрасіў усіх прысутных на супольную вячэру. На пляцоўцы, каля парафіяльнага дома, для шматлікіх гасцей спяваў афрабеларус Андрусь Такінданг разам са сваім беларускамоўным гуртам “Рэха”.  Пакуль музыканты стваралі святочны настрой, а дзеці скакалі з надзьмутай горкі, парафіянкі разам з пробашчам частавалі гасцей, якіх сабралася чалавек 400, прысмакамі.

– Я вельмі задаволены, што свята атрымалася, за гэта вельмі ўдзячны сваім парафіянам, якія прынялі актыўны ўдзел у яго падрыхтоўцы і прыгатаванні ежы, – адзначыў кс. Раман Мурзіч. – Для мяне, як святара, вельмі важна, што людзей у гэты дзень аб’ядноўвае як сумесная малітва, так і радасць, вяселле. А таму ёсць вялікае жаданне, каб фэст у Параф’янаве і надалей збіраў як мага больш вернікаў.

Закончылася свята Імя Марыі ў Параф’янаве яскравым салютам.

Таццяна ШУЛЬГАТ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *