В Докшицком районе второй год появляются птицы-альбиносы

Нядаўні сенсацыйны артыкул нашай газеты пра вераб’я-бландзіна  выклікаў вялікі рэзананс. У рэдакцыю паступала шмат званкоў з пытаннямі: няўжо? дзе? калі? Адна жанчына прыйшла ў рэдакцыю з фотаздымкам белай ластаўкі і сказала, што ў мінулым годзе такі ж феномен жыў  пад дахам дома ў вёсцы Заляддзе Докшыцкага раёна.

Пад дахам  дома Ніны Гаўрылаўны  і Аляксандра Паўлавіча Тулоўскіх ластаўкі гняздуюцца кожны сезон. У мінулым годзе яны жылі там таксама, вывелі вывадак, сярод якога і было адно абсалютна белае птушаня. Ім дзівіліся, нават фатаграфавалі, але не падумалі расказаць іншым. Шкада, бо ластаўка-альбінос – гэта вялікая рэдкасць у жывой прыродзе, а для нашых мясцін – увогуле сенсацыя.

Вучоныя сцвярджаюць, што птушкам-альбіносам, нягледзячы на іх незвычайную прыгажосць, прыходзіцца нялёгка. У іх вельмі ломкія пер’і, у параўнанні з  пер’ямі звычайнага колеру. Альбіносы дрэнна бачаць днём і вельмі ўспрымальныя да сонца. Таму невядома ніводнага выпадку, калі, напрыклад, ластаўка-альбінос паляцела ў Афрыку і вярнулася назад. Больш таго, з-за кантрастнага адрознення іх часта не прымаюць сабраты.  Быць “белай варонай” – значыць быць гнаным. Такі “расізм” асабліва распаўсюджаны ў птушак.

Аднак, па словах Ніны Гаўрылаўны, маленькая бландзінка відавочнага дыскамфорту не адчувала. Яе, як і астатніх птушанят, кармілі бацькі-ластаўкі, потым разам з усімі вучылі лётаць. Праўда, адправіўшыся разам з  астатнімі на зімоўку, вясной яна больш не вярнулася.

Атрымліваецца, ужо другі год у нашым раёне з’яўляюцца птушкі-альбіносы. Што спрыяе гэтаму? Пытанне цікавае і, мяркуецца, не для шырокага круга спецыялістаў.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: ластаўка-альбінос жыла  ў мінулым годзе ў вёсцы Заляддзе.

Один комментарий для “В Докшицком районе второй год появляются птицы-альбиносы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *