В Берёзовке Докшицкого района прошёл праздник бани
Традыцыйна летам і восенню работнікі культуры праводзяць святы ў вёсках. Іх разнастайнасць неверагодная. Гэта і ўжо папулярныя святы вёскі, вуліцы, двара, калодзежа, а апошнім часам спіс папаўняецца новымі – свята ручніка, мёду, бульбы, прыпеўкі, кветніка. Пералік назваў можна працягваць бясконца, бо фантазіі культработнікам не займаць. У жніўні ў вёсцы Бярозаўка адбылося Свята лазні. І хоць такое мерапрыемства прайшло ўпершыню не толькі ў вёсцы, але і ў раёне, першы блін не быў комам.
Гаспадарамі свята былі Сяргей і Тамара Калягі, ля іх лазні і разгарнулася гулянне. Вяскоўцаў віталі дзве вясёлыя кабеткі-суседкі Магрэта і Лізавета, дзяўчаты-лазніцы Весяліна і Парына, і самы галоўны персанаж свята — Лазнік. Праграма, якую падрыхтавалі мастацкі кіраўнік Бярозаўскага СДК Ганна Машко і дырэктар Крыпульскага СДК Ірына Штоль, была вельмі багатай не толькі на спевы і гульні, але і на розныя карысныя парады. Вось некаторыя з іх. Лазню лепш тапіць улетку бярозавымі дроўцамі, а зімой дабаўляць яшчэ і дубовых. Для арамату падлогу можна заслаць саломай ці лапнікам. Калі падліць у каменку квасу, то атрымаецца духмяны хлебны пах, а калі гарбаты з мяты, мелісы і чабору – свежы і супакойваючы. Аматары папарыцца дазналіся, што бярозавы венік дае сілу, дубовы – для скуры гаючы, хвойны – для спіны карысны, венік з крапівы – хоць і балючы, але вельмі гаючы. Даспадобы прысутным прыйшліся і гумарэскі, вершы, прымаўкі на лазневую тэматыку.
Вясёлага настрою дабавілі вяскоўцам конкурсы, на якіх і ваду на хуткасць насілі, і венікамі хвасталіся, і мыльныя пузыры надзімалі. Бавіліся, як дарослыя, так і дзеці. Не было роўных у конкурсе прыпевак пра лазню Фаіне Сяргееўне Руцкой і Марыі Якаўлеўне Янэль. Усе ўдзельнікі атрымалі не толькі добры настрой, але і памятныя падарункі.
Актыўны ўдзел у правядзенні і падрыхтоўцы свята прынялі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Бярозаўскага і Крыпульскага СДК. Належным чынам падрыхтаваліся да мерапрыемства і самі гаспадары – Тамара Піліпаўна і Сяргей Антонавіч Калягі, якія з асаблівым нацыянальным каларытам упрыгожылі свой панадворак і галоўную гераіню свята – лазню. Сваіх гасцей яны частавалі лазневай гарбатай, духмянай выпечкай, яблыкамі і грушамі. Свята атрымалася шчырым і вясёлым.
Таццяна ШУЛЬГАТ.
Рэцэпт лазневай гарбаты:
5 частак зверабою,
1 частка мяты,
0,5 часткі кветак ліпы,
2 часткі маліны,
0,5 часткі валяр’яны.
2 лыжкі збору заліць 1 літрам кіпеню.
Материал добавлен на портал СМИ Беларуси.
Голосуйте здесь:
http://www.belsmi.by/ru/smi-news/v-berezovke-dokshitskogo-rajona-proshel-prazdnik-bani_i_1109120000004220.html