В Докшицах открылся кондитерский цех
Спажывецкая кааперацыя займела свой кандытарскі цэх і зараз мае магчымасць выпускаць крэмавыя вырабы. Пра гэта кааператары марылі не адзін год і адчувалі дыскамфорт ад таго, што сярод суседніх раёнаў Докшыцы былі адзінымі, хто не меў падобнай вытворчасці. Выхад сённяшняе кіраўніцтва райста адшукала ў тым, што закрыла нерэнтабельную сталовую “Сустрэча”, зрабіла ў будынку рамонт, мадэрнізацыю, набыло неабходнае абсталяванне і адкрыла кандытарскі цэх.
Зараз цэх працуе ў тры змены. Начная спецыялізуецца на выпуску хлебабулачных вырабаў: пячэння, пернікаў, пясочных вырабаў. Днём працуюць з крэмавымі. І хоць з дня адкрыцця прайшло не так шмат часу, кандытары асвоілі ўжо выпуск некалькіх назваў тартоў, пірожных – слойных, бісквітных, з імпартнымі напаўняльнікамі. Асабліва ганарацца такімі вырабамі, як пірожнае “Мядовы ізумруд”, торт “Кава са смятанкай” і іншымі. Галоўная вартасць вырабаў у тым, што ў іх састаў уваходзяць толькі натуральныя прадукты, сярод якіх галоўныя: мука, яйцо і масла. І сапраўды, па смаку пірожныя нагадваюць тыя, якія выпякаліся яшчэ ў савецкія часы, калі не ведалі ніякіх новамодных інгрэдыентаў.
Самым галоўным у час адкрыцця цэха быў падбор кадраў. Адна справа закручваць булачкі, а зусім іншая – упрыгожваць крэмам тарты і пірожныя. Праца мастацкая і патрабуе прыродных навыкаў і здольнасцей. Спыніліся на самых лепшых. У той час, калі мы наведалі кандытарскі цэх, у ім працавала змена тэхнолага Ірыны Багданавай. Кандытары Алена Махонь і Наталля Каляга (на нашым здымку злева направа) спрытна ўпрыгожвалі крэмам ужо выпечаныя кошычкі, каб з іх атрымалася пірожнае “Сняжынка”. Па словах тэхнолага, абедзве работніцы вельмі старанныя, хвалююцца за справу і з поспехам асвойваюць новую для сябе работу. Сама Ірына па спецыяльнасці хлебапёк-кандытар, зараз атрымлівае вышэйшую адукацыю. Лепшай школай лічыць сваю працу ў глыбоцкіх кандытараў і на Докшыцкім хлебазаводзе.
З адкрыццём кандытарскага цэха адчувальна павялічыліся аб’ёмы выпуску кандытарскіх вырабаў – у сярэднім у месяц на 50 мільёнаў рублёў. Пашырыўся таксама іх асартымент, паўней стаў задавальняцца попыт пакупнікоў, што заўсёды было галоўным у рабоце кааператараў.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота аўтара.