С ними встречается каждый пациент в Докшицком районе

IMG_6332   Прафесія фельчара-лабаранта, які бярэ кроў на аналіз, праводзіць аналіз біялагічных вадкасцей і прадуктаў жыццядзейнасці чалавека, непрыкметная для пацыентаў. А між іншым, без вынікаў працы гэтых людзей, без дакладных лабараторных аналізаў немагчыма пэўная і канчатковая пастаноўка дыягназу, ад якога залежыць правільнасць назначанага ўрачом лячэння. Таму вельмі важна, каб у клініка-дыягнастычнай лабараторыі працавалі высакакласныя спецыялісты, адказныя, добрасумленныя работнікі.
Па сцвярджэнні яе загадчыцы Тамары Шышла, усе падначаленыя ёй супрацоўнікі адпавядаюць гэтым якасцям.
– Заўважце, любы ўрач, перш, чым паставіць дыягназ і назначыць лячэнне пацыенту, знаёміцца з вынікамі клінічных аналізаў, – зазначае Тамара Віктараўна, – а гэта значыць, што кожны чалавек, які прыходзіць на прыём, трапляе ў бальніцу, праходзіць “праз рукі” лабарантаў. Нагрузка на дзяўчат вельмі вялікая, заўсёды перавышае норму. У нашай службе недахоп кадраў, таму тыя, што ёсць, працуюць, бывае, за дваіх. І пры гэтым не скардзяцца, цярпліва выслухоўваць нараканні пацыентаў на чаргу, якая час ад часу ствараецца. Разумеюць, што хворы чалавек заўсёды неспакойны, а прызначэнне іх прафесіі – аблягчэнне яго пакут.
Фельчар-лабарант Таццяна Юковіч ужо чвэрць стагоддзя ў сваёй прафесіі. Закончыла ў свой час Рыжскае медвучылішча, у якое паступіла па прызванні. Працавала ў Віцебскай, Мінскай абласных клінічных бальніцах. Выйшла замуж і вярнулася на малую радзіму. Аднаго з самых адказных работнікаў

Докшыцкая ЦРБ атрымала ў 1992 годзе. З таго часу кожную сваю змену гэта сімпатычная, прыемная жанчына ажыццяўляе лабараторныя аналізы, афармляе іх вынікі. Рабочая змена пачынаецца вельмі рана. У 5.30 лабарант ужо наведвае бальнічныя палаты, каб зрабіць забор крыві да таго, пакуль хворы паснедае. Да 8.00 павінны быць гатовы вынікі аналізаў пацыентаў рэаніматалагічнага аддзялення. Ён жа робіць аналізы пацыентам, якія кругласутачна паступаюць у прыёмны пакой аддзялення “хуткай” дапамогі.
Але ўсе шматлікія абавязкі не ў цяжкасць, калі работа любімая, лічыць Таццяна Аляксандраўна. Такой яна, мяркуючы па- ўсяму, праз пару год будзе і для яе дачкі. Вольга вучыцца на лячэбным факультэце Віцебскага медуніверсітэта. Маці спачатку крыху адгаворвала ад падобнага выбару, бо яна ведала і адмоўны бок самай гуманнай у свеце прафесіі, але, калі ўбачыла, з якой мэтанакіраванасцю з 7-га класа дзяўчынка рыхтавала сябе да таго, каб стаць медыкам, зразумела, што гэта ўсур’ёз і надоўга. Зараз яна дачкой ганарыцца і радуецца за яе, бо любіць сваю прафесію – гэта можна палічыць за шчасце.

Учора ў Таццяны Аляксандраўны Юковіч быў адметны дзень. На ўрачыстасці з нагоды прафесійнага свята працоўны шлях Т.А. Юковіч даўжынёй у 25 год быў адзначаны вышэйшай узнагародай раёна – Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: фельчар-лабарант Т.А. Юковіч.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *