Макcим Гаврилович из Докшиц достигает высоких результатов по лёгкой атлетике
Наш зямляк Максім Гаўрыловіч вось ужо другі год з’яўляецца навучэнцам Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву. Тое, што ён трапіў у гэту навучальную ўстанову, лічыць заслугай свайго трэнера ДзЮСШ Алены Аліноўскай.
– Алена Іванаўна – вопытны трэнер, – распавядае Максім. – Яна заклала ў мяне асновы, якія ўдасканальваю і сёння. З кожнага ўдалага выступлення на спаборніцтвах я заўсёды тэлефаную ёй, бо лічу, што толькі дзякуючы веры трэнера ў мяне і ў мае здольнасці атрымліваюцца добрыя вынікі.
Напрыканцы 2015-га года Максім прыняў удзел у Міжнародным турніры па лёгкай атлетыцы, прысвечаным памяці генерал-лейтэнанта Д.М. Карбышава, і заняў на ім першае месца. Першае месца ў юнака і ў спартакіядзе ДзЮСШ. У сацыяльных сетках былыя аднакласнікі і сябры хлопца “лайкаюць” відэа, знятае падчас яго выступлення на абласных спаборніцтвах. Гучала імя Максіма Гаўрыловіча і на ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню лепшых з лепшых вучняў раёна.
– Лёгкая атлетыка толькі так называецца, – усміхаецца юнак. – Каб дабіцца поспеху, трэба шмат працаваць, сачыць за харчаваннем і прытрымлівацца рэжыму. Кожны дзень у нас праводзяцца па дзве трэніроўкі. Плюс да гэтага звычайныя школьныя заняткі. Побач няма бацькоў, якія прыгатуюць вячэру, дапамогуць прыбрацца ў пакоі ці памыць бялізну. Усё мы робім самі. Але я ўжо прывык да самастойнасці. Сваім жа равеснікам пажадаю мець кожнаму мэту ў жыцці.
НА ЗДЫМКУ: Максім Гаўрыловіч з трэнерам ДзЮСШ Аленай Аліноўскай.
Тэкст и фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.