Владимир Андрейченко поздравил воспитанников Бегомльской школы-интерната с Новым годом

IMG_1543У перадсвяточныя зімовыя дні ва ўсіх дзіцячых установах раёна адбыліся навагоднія ранішнікі, тэатралізаваныя прадстаўленні, балі-маскарады. Па добрай традыцыі прадстаўнікі ўлады ўсіх узроўняў наведваюць школы і дзіцячыя садкі, радуюць дзяцей сюрпрызамі і падарункамі. З асаблівым нецярпеннем і святочным настроем кожны год чакаюць гасцей у Бягомльскай дапаможнай школе-інтэрнаце. Сёлета на сустрэчу з яе выхаванцамі завіталі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, наш дэпутат Уладзімір Андрэйчанка, старшыня райвыканкама Алег Пінчук, сакратар Федэрацыі прафсаюзаў па эканамічных пытаннях Аляксандр Паўлоўскі, намеснік старшыні праўлення ААТ “ААБ “Беларусбанк” Уладзімір Занько з калегамі, намеснік дырэктара Лукомльскай ГРЭС Сяргей Салаўёў.

Радаснае ажыўленне панавала ў школе-інтэрнаце з самага ранку. І малодшыя школьнікі, і навучэнцы старэйшых класаў рыхтаваліся да святочнага прадстаўлення і прыезду гасцей. І вось доўгачаканы момант настаў: у палове адзінаццатай дырэктар школы Валерый Міхайлоўскі даў старт мерапрыемству. З віншавальным словам да выхаванцаў і педагогаў звярнуўся Уладзімір Андрэйчанка. Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў:

– Вельмі радуе той факт, што перадсвяточнае наведванне школы-інтэрната стала традыцыйным і традыцыі гэтай ужо 5 гадоў. Як і раней, мне вельмі прыемна знаходзіцца ў вашай школе і бачыць усмешкі на знаёмых тварах.

Уладзімір Паўлавіч выказаў самыя шчырыя пажаданні дзецям, падзякаваў педагогам за велічнасць іх сэрцаў, за цярпенне, за справу, у якую яны ўкладаюць душу, і ўручыў падарункі: два спартыўныя трэнажоры для школы, а кожнаму выхаванцу – прыгожы куфэрак з салодкімі прысмакамі.

Старшыня райвыканкама падарыў установе вельмі неабходную рэч – пральную машыну. Алег Леанідавіч таксама звярнуўся да дружнай школьнай сям’і з віншаваннямі і самымі сардэчнымі пажаданнямі здароўя, дабрабыту, поспехаў у працы і вучобе, святочнага настрою, узаемнага паразумення і душэўнай цеплыні.

IMG_1595Трэба было бачыць, якой радасцю зіхацелі вочы выхаванцаў, як адклікаліся яны на кожнае віншаванне дружнымі апладысментамі. Свята працягвалася, і чарада падарункаў здавалася бясконцай: крэслы для школы і салодкія прысмакі кожнаму навучэнцу ад Сяргея Салаўёва, камплект мячоў ад Аляксандра Паўлоўскага, бытавая тэхніка ад прадстаўнікоў банкаўскай сістэмы…

У адказ на віншаванні гасцей навучэнцы дапаможнай школы падрыхтавалі яркае і захапляльнае тэатралізаванае прадстаўленне па матывах казкі “Брэменскія музыканты”. Нельга не адзначыць цудоўныя касцюмы, цікавую пастаноўку, выдатнае музычнае суправаджэнне спектакля і, безумоўна, артыстызм юных выканаўцаў. Брава і вучням, і іх педагогам! Свята ўдалося. Думаецца, успаміны аб ім яшчэ доўгі час будуць саграваць душы ўсіх яго ўдзельнікаў.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *