Весенне-полевые работы начались в Докшицком районе
Сакавік пакуль яшчэ не цешыць нас па-сапраўднаму веснавым надвор’ем. Але, памятаючы сялянскую мудрасць пра тое, што веснавы дзень год корміць, у ААТ “Таргуны” з правядзеннем работ у полі не марудзяць. Ужо на пачатку мінулага тыдня механізатар Віталь Масіенка (здымак 1), мабыць, “першая ластаўка” ў раёне, на магутным МТЗ-3522 з васьмікорпуснымі плугамі “адкрыў сезон” – шчыраваў на полі каля вёскі Пустаселле, рыхтаваў глебу пад сяўбу.
– Прыкладна 800 гектараў тут патрэбна ўзараць пад яравыя культуры, – паведаміў начальнік участка Антон Зімніцкі. – Марудзіць з пасевам не выпадае. Зіма была маласнежная, у глебе вільгаці недастаткова. Пацяплее, пачнуцца сонечныя дні – яна стане хутка перасыхаць, і гэта, вядома ж, негатыўна адаб’ецца на ўсходжасці зярнят.
А ўжо праз некалькі дзён Сяргей Ралавец (здымак 2) вывеў у поле любоўна дагледжаны і адрамантаваны ім пасяўны агрэгат “Мега” – пачаў сеяць авёс. Антон Вячаслававіч радуецца, што першыя дваццаць гектараў пасеяны, і адначасова перажывае: надвор’е псуецца. Адвечны хлебаробскі клопат: зрабіць усё своечасова, не паспяшацца і не спазніцца. Пры такіх адносінах да справы няма сумненняў, што пасяўная ў Таргунах пройдзе як мае быць.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча.