Праздники деревень прошли в Докшицком районе
Капусная феерыя
Малыя і вялікія вёсачкі, а таксама аграгарадкі раёна працягваюць адзначаць свае святы. Якія толькі тэмы ні выкарыстоўваюць для гэтых мерапрыемстваў работнікі ўстаноў культуры! Напрыклад, у Порплішчы адбылася “Капусная феерыя”. Уся плошча ля вясковага клуба была аздоблена хрумсткай гераіняй. А колькі розных страў нарыхтавалі гаспадынькі з гэтай гародніны! Юным гледачам свята прыйшлася даспадобы казка, у якой галоўныя ролі выканалі Кірыл Каляга (Зайчык) і Алена Мацук (Капуста). Старэйшае пакаленне з задавальненнем прыняло ўдзел у агароднай латарэі, прызамі ў якой былі і морква, і агурок, і бульбачка. Многіх з прысутных здзівіў той факт, што капуста на наш стол прыйшла раней, чым бульба. Вельмі цікавай была легенда пра з’яўленне гэтай гародніны. Вядучыя пазнаёмілі ўсіх з календаром садаводаў-агароднікаў. З яго гледачы даведаліся, што самы найлепшы час для нарыхтоўкі капусты – 8 кастрычніка (дзень Сяргея Капусніка). Па традыцыі, віншавалі на свяце мясцовых юбіляраў, а іх сёлета ў Порплішчы больш за 90 чалавек. З іх 15 дасягнулі пяцідзесяцігадовага ўзросту.
Шмат на свяце было вершаў, гумару, песень і асабліва танцаў, якія да ўсіх парплішчанскіх мерапрыемстваў ставіць кіраўнік харэаграфічнага гуртка Ганна Вахавіч. Не адно свята ў мясцовасці не абыходзіцца без дапамогі настаўніцы Наталлі Крук, якая не толькі з лёгкасцю вакол сябе моладзь збірае, але і сама актыўна ўдзельнічае ў канцэртах.
“Кветкі — вочы зямлі”
Пад такой назвай у адзін з выхадных дзён адбылося свята вёскі Варганы. Загадкі і прыказкі, вершы і песні – уся праграма мерапрыемства была прысвечана найпрыгажэйшым дарам прыроды. Арганізатары свята расказалі гледачам легенду пра з’яўленне кветак на зямлі. Усе разам успомнілі песні пра ружы, рамонкі, лілеі і васількі. Першымі памочнікамі культработнікаў у правядзенні мерапрыемства былі дзяўчаты, якія прыязджаюць у Варганы на адпачынак да бабуль і дзядуль. Гэта дакшычанкі Дар’я Тытар і Таццяна Шыталь, а таксама глыбачанка Настасся Казлоўская. Прыгожымі букетамі, зробленымі работнікамі Парплішчанскага дома культуры з уласна вырашчаных кветак, былі ўшанаваны на свяце юбіляры вёскі. 85 гадоў у гэтым годзе споўнілася Яніне Анашкевіч, 80 – Лідзіі Вайцяховіч, 75 – Вільгельму Радзюку, 60 – Анатолію Пілкоўскаму, 55 – Іосіфу Альхімёнку, па 50 – Вользе Карачанцавай і Ганне Гапанёнак.
Да позняга вечара не змаўкалі смех і песні ў Варганах. «На біс” выклікалі мясцовыя жыхары самадзейных артыстаў Мікіту Палачаніна, Андрэя Камінскага і Анатолія Стадольніка, з якімі разам спявалі папулярныя хіты розных гадоў.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.