В Докшицах прошла педагогическая конференция

IMG_0935Сёлетняя педагагічная канферэнцыя напярэдадні новага навучальнага года была адзначана ўдзелам у ёй паважаных гасцей: віталі работнікаў раённай сферы адукацыі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Сівіцкая і намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч.

Па традыцыі, у фае кінаканцэртнай залы “Іскра” былі аформлены шматлікія выставы, якія адлюстравалі вынікі работы сферы адукацыі раёна за мінулы год. Са спецыяльна аформленых стэндаў паведамлялася пра дасягненні ў вучобе, спорце, творчасці вучняў і іх настаўнікаў. Немагчыма было не спыніцца ля прыгожых мастацкіх вырабаў раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Зацікавіла ўсіх і фотавыстава, якая наглядна распавядала пра падрыхтоўку навучальных устаноў да 1 верасня. Уся зала была ўпрыгожана яркімі букетамі са жнівеньскіх кветак.
Ганаровыя месцы ў зале занялі ветэраны педагагічнай працы: апладысменты гучалі ў гонар Ларысы Віктараўны Варган, Ірыны Антонаўны Елісеевай, Ірыны Расціславаўны Кірыенка, Уладзіміра Іванавіча Калягі, Ларысы Рыгораўны Маркавец, Зінаіды Мацвееўны Мацюшонак, Зінаіды Васільеўны Паўловіч, Анатоля Уладзіміравіча Салаўёва, Валянціны Фёдараўны Ставер.
Адзінаццаць маладых педагогаў сёлета распачнуць сваю працоўную дзейнасць ва ўстановах адукацыі Докшыччыны. Выхавацелі, настаўнікі замежнай мовы, рускай мовы і літаратуры, фізічнай культуры і здароўя, геаграфіі і біялогіі, пачатковых класаў і працоўнага навучання, а таксама інструктары-метадысты па фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце свае першыя заняткі правядуць у Сітцаўскай СШ, СШ № 1 і № 2 г. Докшыцы, Гняздзілаўскай ДС-БШ, Бярозкаўскай ДС-СШ, Бягомльскай СШ, Крулеўшчынскай СШ, Барсукоўскай СШ, яслях-садзе № 3 г. Докшыцы,
ФСК “Ураджай”.
“Поспех не прыходзіць да цябе сам. Ты ідзеш да поспеху,” – агучыў свой жыццёвы дэвіз былы выпускнік Бягомльскай СШ, а зараз – географ-біёлаг, магістр геаграфічных навук Дзяніс Сувораў. У сваім прывітальным слове ад імя маладых спецыялістаў ён пажадаў каляжанам высокіх творчых палётаў і новых цікавых гарызонтаў.
Новае папаўненне ў галіне адукацыі раёна падтрымала ветэран педагагічнай працы Крулеўшчынскай СШ Святлана Анатольеўна Найдзяновіч. Яна пажадала праз многія гады пранесці высокае званне “настаўнік”, палюбіць сваю работу, не здрадзіць абранаму шляху, застацца ў прафесіі, рэалізаваць свой творчы патэнцыял і здолець укласці ў дзяцей не толькі веды, але і душу, клопат, пяшчоту, дабрыню.

IMG_1611Змястоўным быў даклад начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрыя Парцянкі. Ён распавёў пра вынікі работы сістэмы адукацыі за мінулы год, асноўнымі задачамі якога былі павышэнне якасці адукацыйна-выхаваўчага працэсу і эфектыўнасці эканамічнай дзейнасці.
На пачатку выступлення Дзмітрый Данілавіч закрануў тэму падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Ён падкрэсліў, што акрамя ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы і пытанняў эканоміі сродкаў у цэнтры ўвагі кіраўнікоў устаноў знаходзяцца пытанні самазабеспячэння. За мінулы год праведзена значная работа па рэсурсазберажэнні, укараненні рэжыму эканоміі паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, выкананні дзяржаўнага заказу па пастаўцы лому і адходаў чорных і каляровых металаў, удасканаленні навучання і выхавання вучняў у галіне рэсурсазберажэння.
Асаблівая ўвага ў 2015-2016 навучальным годзе надавалася паляпшэнню ўмоў і ахове працы, прафілактыцы вытворчага і дзіцячага траўматызму, падрыхтоўцы і павышэнню кваліфікацыі работнікаў па пытаннях аховы працы, інфармацыйным забеспячэнні дадзенага накірунку. Гэтыя пытанні застаюцца на кантролі і ў новым навучальным годзе.
У сістэме дашкольнай адукацыі на 1 верасня будзе функцыянаваць 25 устаноў для 780 дзяцей ва ўзросце ад года да шасці гадоў (у 2015 – 787). Дзякуючы мэтанакіраванаму ўзаемадзеянню з сістэмай аховы здароўя на 28,5 працэнтаў у раёне паменшыўся паказчык дзіцячых захворванняў. Павялічылася колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак з І групай здароўя.
У новым навучальным годзе 2 425 вучняў сядуць за парты ў 15 установах агульнай сярэдняй адукацыі (у 2015 – 2 443), 101 вучань – у Бягомльскай дапаможнай школе-інтэрнаце. За апошнія пяць гадоў колькасць вучняў у раёне знізілася на 433 чалавекі.
У дакладзе акцэнтавалася ўвага на паляпшэнні якасці адукацыі, рабоце з адоранымі дзецьмі. Узнімаліся пытанні па праблемах арганізацыі падвозу дзяцей да ўстаноў адукацыі, арганізацыі харчавання школьнікаў, замацаванні маладых спецыялістаў на Докшыччыне. Асаблівай увагі патрабуюць дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Важным складнікам сістэмы з’яўляецца дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі, якая не толькі забяспечвае баўленне часу вучняў, але і дапамагае развіваць творчыя здольнасці, тэхнічныя, турыстычныя, спартыўныя навыкі. Прыцягвалася ўвага і да арганізацыі работы па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх.

IMG_1624– Развіццё рэгіёна, развіццё краіны залежаць ад раскрыцця творчага патэнцыялу нашых дзяцей, – падкрэсліў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Алег Пінчук. – Сёлета нас радуюць вынікі паступлення выпускнікоў школ – звыш за 70 працэнтаў юнакоў і дзяўчат Докшыччыны сталі студэнтамі ВНУ. Гэта ўказвае на тое, што педагагічныя калектывы цесна супрацоўнічаюць з бацькамі вучняў, у якіх на першым месцы стаяць лёс і будучыня сына ці дачкі.
Вялікая работа праведзена ва ўстановах адукацыі раёна па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, на што было зрасходавана каля 1 млрд 530 млн рублёў. Ільвіная доля з гэтай сумы пайшла на капітальны рамонт СШ № 1 г. Докшыцы, за што шчырыя словы падзякі за падтрымку выказваем Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, нашаму дэпутату Уладзіміру Андрэйчанка.
Прыярытэтным застаецца пытанне захавання здароўя нашых дзяцей, а таму вялікая ўвага павінна быць накіравана на ахоп вучняў гарачым харчаваннем, а таксама іх фізічную падрыхтоўку.
Напярэдадні новага навучальнага года жадаю ўсім настаўнікам таленавітых вучняў і ўдзячных бацькоў, здароўя і дабрабыту.

 

Вітаў работнікаў сістэмы адукацыі Докшыччыны Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка:
– У мінулым годзе ў вобласці і раёне зроблены сур’ёзныя крокі па развіцці сістэмы адукацыі, дасягнуты значныя вынікі работы, а таму абраны курс павінен быць нязменным і стабільным.
Пільная ўвага надаецца сістэме адукацыі з боку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Парламента і Урада. Вялікая работа была праведзена Парламентам пры стварэнні Кодэкса адукацыі. На сённяшні дзень нам трэба палепшыць якасць адукацыі, удасканаліць сістэму, выключыць правядзенне ўсялякіх радыкальных рэформаў.
На дадзены момант вядзецца вялікая работа па перааснашчэнні навучальных кабінетаў. У тым ліку, і з удзелам Сусветнага банка, які выдзеліў пазыку на 50 млн долараў, прадугледжаную на мадэрнізацыю школ, у якіх навучаюцца або будуць займацца вучні са школ, якія закрываюцца пры аптымізацыі. Ёсць магчымасць трапіць у гэту праграму і ў школ Докшыцкага раёна.
У краіне вядзецца сур’ёзная работа па паляпшэнні якасці падручнікаў.
Вырашаецца праблема па выключэнні з абавязкаў настаўнікаў не ўласцівых ім функцый. Міністэрства адукацыі зацвердзіла пералік абавязковай дакументацыі, якую павінен весці настаўнік.
Ключавым пытаннем на сённяшні дзень з’яўляецца выхаванне нашых дзяцей. Дзяржаве патрэбны адукаваныя і выхаваныя людзі, якія цэняць і высокамаральныя, і сямейныя каштоўнасці, патрыёты Рэспублікі Беларусь. А таму вельмі важнай з’яўляецца арганізацыя занятасці дзяцей у шосты школьны дзень.
Урадам распрацоўваюцца пытанні па паляпшэнні статусу педагога, павышэнні яго заработнай платы. Так, з 2-х да 3-х гадоў павялічваецца тэрмін выплаты штомесячнай даплаты маладым спецыялістам, якія застаюцца на першым працоўным месцы пасля адпрацоўкі. Павысіць свой заробак можна і за кошт пазабюджэтнай дзейнасці.
Усё пачынаецца з сям’і, са школы, а ў школе – з настаўніка. Вялікі дзякуй вам, паважаныя педагогі, за вашу высакародную працу. Добрага настрою, больш прыемных хвілін і поспехаў у працы.

 

Ушанавалі лепшых педагогаў раёна

Па традыцыі, на жнівеньскай канферэнцыі ўшаноўвалі лепшых педагогаў раёна.
За асабісты ўклад у ваенна-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення Юбілейным медалём “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.” узнагароджаны дырэктар Крулеўшчынскай СШ Уладзімір Анатольевіч Піскуновіч.
Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджана намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Валкалацкай СШ Любоў Міхайлаўна Мележ.
Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджана дырэктар Гняздзілаўскай ДС-БШ Таццяна Іванаўна Ярашэвіч.
Ганаровымі граматамі Упраўлення адукацыі аблвыканкама ўзнагароджаны:
— метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ганна Міхайлаўна Атрахімовіч;
— бібліятэкар Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрнат Ірына Мікалаеўна Бобрык;
— настаўніца матэматыкі Парплішчанскай СШ Жанна Сілівестраўна Лаўцэвіч.
Ганаровымі граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ўзнагароджаны:
— загадчыца Крулеўшчынскага яслі-сад № 1 Ірына Аляксееўна Бабіч;
— выхавацель Сітцаўскага яслі-сад Святлана Вячаславаўна Гараніна;
— настаўніца матэматыкі Бягомльскай СШ Зофія Паўлаўна Глазко;
— метадыст цэнтра інфармацыйных тэхналогій і тэхнічных сродкаў навучання аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Данута Вітольдаўна Зінькевіч;
— выхавацель СШ № 2 г. Докшыцы Люцыя Станіславаўна Казакевіч;
— настаўніца пачатковых класаў Валкалацкай СШ Валянціна Іосіфаўна Мартуль;
— намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Крулеўшчынскай СШ Святлана Анатольеўна Найдзяновіч;
— настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Прудніцкай ДС-БШ Наталля Уладзіміраўна Пінкевіч;
— выхавацель Янкаўскага дзіцячага сада Наталля Аляксандраўна Парцянка;
— настаўніца рускай мовы і літаратуры Прудніцкай ДС-БШ Алена Адамаўна Шульгат;
— дырэктар раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Марына Мікалаеўна Ярмаковіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *