На областном конкурсе видеоролик Парафьяновской сельской библиотеки Докшицкого района получил Диплом ІІІ степени (+видео)

VTS_01_1[12-51-12]На Віцебшчыне прайшоў абласны конкурс відэаролікаў «Чытаем Багдановіча разам», прысвечаны 125-годдзю класіка беларускай літаратуры. Вельмі прыемна, што сярод пераможцаў Дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “І прад высокаю красою…” адзначаны відэазапіс выканання паэтычных твораў паэта, падрыхтаваны  Параф’янаўскай сельская бібліятэкай. 

Гэта работа была вылучана як лепшая падчас правядзення раённага конкурсу “Святло паэзіі Максіма Багдановіча”, у якім прынялі ўдзел амаль усе бібліятэкі раёна. Сярод тэматычных мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею класіка беларускай літаратуры, цікавымі былі літаратурны вечар “Дзіўная зорка Максіма Багдановіча”, які адбыўся ў Парплішчанскай бібліятэцы, сумесная праграма Несцераўшчынскага і Тумілавіцкага бібліятэк-клубаў “Незабыўны Максім Багдановіч”, паэтычна-музычная гасцёўня “Нязгасная зорка паэта” Глінскай бібліятэкі.

Загадчыца Параф’янаўскай бібліятэкі Рэгіна Красоўская творча і натхнёна падышла да распрацоўкі мерапрыемства да дадзенага конкурсу і разам з вучнямі Параф’янаўскай СШ падрыхтавала паэтычна-музычную гасцёўню “І застаўся ты ў нашых думках”. Выразна, душэўна, з захапленнем і задавальненнем дзеці выконвалі свае любімыя творы Максіма Багдановіча. Адзінаццацікласнік Яўген Каросцік чытаў “Маладыя гады”, трэцякласніца Марыя Красоўская – “Упалі з грудзей Пана Бога…”. Васьмікласніца Настасся Паўловіч выбрала для дэкламацыі верш “Слуцкія ткачыхі”. Песняй гучалі меладычныя радкі твора “Па-над белым пухам вішняў” у выкананні метадыста ЦБС Аксаны Шворан. Не застаўся па-за ўвагай і гімн Багдановіча, знакаміты твор любоўнай лірыкі паэта верш “Раманс”, які прачытала малады спецыяліст ЦБС Вікторыя Ражкова. Відэазапіс паэтычна-музычнай гасцёўні Параф’янаўскай бібліятэкі і прадставіў наш раён на абласным конкурсе, вынікі якога былі падведзены на тэматычным мерапрыемстве, што прайшло ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

[youtube]https://youtu.be/yXECoquD__Y[/youtube]

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *