Частную парикмахерскую «Монро» открыла жительница Бегомля

img_5480У Бягомлі пачала працаваць першая прыватная цырульня з адпавядаючай аб’екту назвай “Манро”. Яго ўладальніца – мясцовая жыхарка, маладая мама Кацярына Загуста (на здымку).

Вопыт цырульніка дзяўчына напрацоўвала ў салонах прыгажосці Лепеля і Віцебска, але заўжды марыла пра ўласную справу. У вялікім горадзе знайсці сваю нішу на рынку аказання паслуг складана, таму мары здзейсніліся толькі тады, калі яна нарадзіла сыночка і вярнулася на радзіму ў Бягомль.

– Сынок падрастаў, часу станавілася больш, як і ўпэўненасці ў сваіх сілах, – расказвае Кацярына. – І я дзёрзка падумала, а чаму б не паспрабаваць адкрыць сваю справу на радзіме, дзе мае прафесійныя здольнасці вядомы.

Яна пачала шукаць памяшканне пад будучы салон. На шчасце, яго ў арэнду здалі ў аддзяленні паштовай сувязі. Гэта вельмі выйгрышна, бо на пошту заходзіць вялікая колькасць людзей. Кацярына зрабіла рамонт, набыла неабходнае абсталяванне, пэўную мэблю і першую партыю расходных матэрыялаў. Справы пайшлі добра, і праз некаторы час, да радасці мясцовых кліентак, у “Манро” да таго ж пачалі рабіць манікюр і педыкюр. Гаспадыня цырульні разлічвае і далей пашыраць спектр паслуг, плануе ўзяць на работу яшчэ аднаго цырульніка. Дарэчы, не беспадстаўна. Цырульня ўжо працуе па папярэднім запісе, што сведчыць аб наяўнасці кліентаў.

Любоў да цырульнай справы малады майстар пераняла ад сваёй цёці Ірыны Куранавай, якая мае ўласны салон прыгажосці ў Слуцку. Менавіта яна прымусіла дзяўчыну паверыць у свае сілы і запэўніць, як гэта важна ўвесь час павышаць узровень майстэрства.

– Мая цёця пастаянна вучыцца, нягледзячы на выдатную рэпутацыю майстра, – разважае Кацярына. – І ў гэтым я з ёй цалкам згодна. Не важна, дзе ты працуеш: у правінцыі ці вялікім горадзе, свой прафесійны ўзровень неабходна пастаянна павышаць. Інакш – гэта непавага да кліентаў. Пакуль я маю некалькі сертыфікатаў з майстар-класаў беларускіх гуру ў сферы прыгажосці. Мару пабы­ваць на навучанні ў Маскве.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *