Татьяна Аникович — одна из лучших работниц сельского хозяйства Докшицкого района
Напярэдадні свята работнікаў сельскай гаспадаркі і АПК каля дзвюх з паловай соцень жывёлаводаў краіны, пераважна аператараў машыннага даення, ушаноўвалі ў сталічным Палацы культуры прафсаюзаў. Урачыстасць стала фінальным акордам акцыі “Наш жывёлавод”, якая праводзілася на працягу года. Гонар прадставіць наш раён на мерапрыемстве выпаў двум лепшым аператарам машыннага даення – Таццяне Аніковіч з МТФ “Несцераўшчына” ААТ “Таргуны” (на здымку) і Марыне Таляронак з МТФ “Слабада” КУП “Докшыцкі”.
З Таццянай Сцяпанаўнай сустрэліся на ферме праз некалькі дзён пасля яе паездкі ў Мінск. З агеньчыкам у вачах дзялілася жанчына ўражаннямі ад убачанага і пачутага. Па выніках бягучага года ў сярэднім па рэспубліцы ўпершыню надой на карову дасягне 5-тысячнага рубяжа. Ці рэальна для нашага раёна ў бліжэйшыя гады дабіцца такога паказчыка, Таццяна Аніковіч прагназаваць не бярэцца. Для яе, штогадовага прызёра раённых спаборніцтваў, гэта не завоблачная лічба, а заканамерны вынік работы, у якую яна ўкладвае ўсю душу. Свой поспех тлумачыць не толькі працавітасцю ды выкананнем тэхналогіі, а яшчэ і любоўю да жывёлы.
– Так шкадую сваіх каровак, так перажываю за кожную – не перадаць, – дзеліцца Таццяна Сцяпанаўна.
Ідзём з ёй па чыстым, добра асветленым праходзе. Рагатыя падапечныя цягнуцца да сваёй гаспадыні, стараюцца лізнуць руку, некаторыя, як ласкавая Ночка, – прытуліцца.
– Вунь там вельмі крыўдлівая Маланка, – неяк па-мацярынску распавядае Таццяна. – Калі не падыду да яе першай зранку, цэлы дзень будзе дуцца, адварочвацца ды ўздыхаць. А вось гэта – рыжая гарэзніца Кветка. А далей Ева – яна ў мяне заўжды задуменная, нават крыху рассеяная. Мала добра карміць жывёлу і своечасова даіць – ёй, як і нам, людзям, патрэбна любоў і ласка. Тады – вопыт мой гэта пацвярджае – і аддача будзе.