Докшицкая ДюСШ приглашает в группу «Здоровье»

img_5459На базе Докшыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы пачала дзейнічаць фізкультурна-аздараўленчая група “Здароўе” для людзей сталага ўзросту, наведвальнікамі якой з’яўляюцца энергічныя жанчыны-пенсіянеркі. Менавіта яны, маючы актыўную жыццёвую пазіцыю, сталі ініцыятарамі яе адкрыцця. Інструктары ДзЮСШ з задавальненнем пайшлі ім насустрач і ўключылі групу ў план рэалізацыі мясцовай ініцыятывы “Беражы здароўе змоладу”, што дазволіла набыць патрэбны спартыўны інвентар для заняткаў. Два разы на тыдзень спяшаюцца аматаркі здаровага ладу жыцця ў ДзЮСШ не толькі за здароўем, але і, як яны самі сцвярджаюць, за зарадам станоўчых эмоцый. Падназапасіцца імі паспрабавала і аўтар гэтых радкоў.

Настрой на пазітыўны лад распачаўся з прыязнай усмешкі інструктара групы Алены Сценнік. У залу заходзім басанож – падлога засланая матамі. Становімся адзін за адным і, ідучы па кругу, выконваем размінку. “Галоўнае – правільна дыхаць,” – кіруе Алена. Далей – практыкаванні на дыванку. “Дзесяць, дзевяць, восем…” – лічыць інструктар, а ногі без звычкі ўжо падымаюцца з цяжкасцю. Бакавым зрокам сачу за жанчынамі, якія побач: яны ўсміхаюцца! Нават сорамна, што мне так цяжка. “Мы яшчэ не зрабілі планку”, – чуецца голас Валянціны Пусташылавай. Здзіўляюся, бо па сабе ведаю – гэты элемент не з самых лёгкіх. Лічу секунды пра сябе хутчэй за інструктара. Уф! Але тут жа прапанову сяброўкі падхоплівае Зоя Модаль: “А планку на баку?” Не вытрымліваю, прашу: “Змілуйцеся!” Інструктар усміхаецца і прапаноўвае зрабіць практыкаванне на ўзнаўленне дыхання. Гадзіна заняткаў праляцела імгненна, але разыходзіцца ніхто не спяшаецца. Валянціна Дваяжонава вырашыла паскакаць на скакалцы. Ганна Самковіч і Ніна Шнітко ўзялі фітболы.

– Пасля заняткаў адчуванне такое – быццам нанава нарадзіўся, – гаво­рыць Наталля Буглак. – У мінулым я была інструктарам па лячэбнай фізкультуры, а таму з упэўненасцю скажу, што комплекс практыкаванняў, які для нас распрацавала Алена Леанардаўна, вельмі падыходзіць для людзей нашага ўзросту. Няправільная нагрузка можа павысіць ціск, а тут усё застаецца ў норме. Акрамя гэтага мы атрымліваем добры настрой на ўвесь тыдзень.

Шчыра кажучы, энергіі гэтых жанчын можна толькі пазайздросціць. Далоў ляноту! Наперад за станоўчым прыкладам!

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *