Кирилл Онухов из Докшиц воспользовался государственной поддержкой и начал своё дело
Развіваць сваю справу няпроста. Для гэтага мала аднаго жадання. Патрэбны стартавы капітал, атрымаць які можна з дзяржпадтрымкай – субсідыяй.
– Гэта грошы з рэспубліканскага бюджэту, якія, у адрозненне ад банкаўскага крэдыту, не трэба вяртаць, – гаворыць галоўны спецыяліст аддзела занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносінаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Ала Вайцяховіч. – Галоўнае – выконваць умовы дагавора. Першае, што трэба зрабіць, каб атрымаць фінансавую дапамогу, – зарэгістравацца як беспрацоўны ў службе занятасці. Калі няма парушэнняў закона аб занятасці, то служба зможа дапамагчы вам пачаць сваю справу. Дарэчы, такой магчымасцю скарыстаўся дакшычанін Кірыл Онухаў, які з дзяржпадтрымкай адкрыў нядаўна масажны кабінет.
У гэтай справе Кірыл не навічок: каля трох гадоў працаваў масажыстам у санаторыі “Баравое”.
– Яшчэ са школы ведаў, што хачу дапамагаць людзям, таму мэтанакіравана ішоў у медыцыну, – гаворыць Кірыл. – Скончыў Маладзечненскі дзяржаўны медыцынскі каледж імя Залуцкага, пасля чаго некаторы працаваў медбратам фізіятэрапеўтычнага аддзялення ў санаторыі “Баравое”. Адслужыў у арміі і вярнуўся ў здраўніцу. Прайшоў курсы перападрыхтоўкі па прафесіі “масажыст”.
З цягам часу Кірыл усё больш і больш стаў цікавіцца дадзеным кірункам. І зараз актыўна займаецца самаадукацыяй. На сённяшні дзень засвоіў такія праграмы, як “Міафасцыяльны глыбакатканны масаж”, асновы мануальнай тэрапіі, “Аздараўленчы масаж пры болю ў спіне і шыі”.
– Пра субсідыю на адкрыццё свайго бізнесу мне падказаў сябар, які таксама скарыстаўся такой дзяржпадтрымкай, – гаворыць суразмоўца. – З’яўляючыся афіцыйна зарэгістраваным беспрацоўным, па накіраванні службы занятасці прайшоў бясплатныя навучальныя курсы па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці і бізнес-планаванні. Пасля гэтага падаў ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароны заяву і бізнес-план сваёй ідэі. Атрымаўшы станоўчы адказ, заключыў дагавор і зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік. Фінансавая дапамога склала 5,4 тысячы рублёў. На гэтыя грошы набыў стацыянарны масажны стол, перкусійны масажор і медыцынскую каляску. Для свайго бізнесу арэндаваў памяшканне ў Доме быту. Кліенцкую базу пакуль напрацоўваю. Прыемна, што і з былых кліентаў ёсць тыя, хто цікавіцца маёй работай і запісваецца на сеансы масажу.
Як паведамілі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароны, размер выплат залежыць ад бюджэту пражытачнага мінімуму. З 1 мая 2026 года па 31 ліпеня 2026 года ён будзе складаць 509, 62 рубля. Субсідыя прадастаўляецца ў суме, якая не перавышае 11-кратны памер БПМ у сярэднім на душу насельніцтва, устаноўлены Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і які дзейнічае на момант прыняцця рашэння аб прадастаўленні фінансавай дапамогі. Для сельскіх населеных пунктаў выплаты вышэйшыя – да 15 БПМ. Калі бізнес-план звязаны з укараненнем навуковых распрацовак, рэальна атрымаць і да 20 БПМ. За гэтыя грошы можна набыць патрэбнае абсталяванне, інструмент, машыны і механізмы, сыравіну, матэрыялы, а таксама выкарыстаць дзярждапамогу на аплату паслуг і іншыя мэты, звязаныя з развіццём асабістай справы. Галоўнае правіла: субсідыю нельга выкарыстоўваць не па назначэнні і выдаткаваць яе трэба на працягу трох месяцаў. Пачынаючы прадпрымальнік абавязаны весці бізнес мінімум дзевяць месяцаў на працягу года з моманту рэгістрацыі ІП або абвяшчэння падатковай аб пачатку дзейнасці. У гэты ж час трэба спраўна плаціць падаткі і адлічэнні ў Фонд сац-
абароны насельніцтва. Калі парушыць умовы дагавора, грошы прыйдзецца вярнуць разам з працэнтамі.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

