Лауреатом премии Туснолобовой-Марченко стала многодетная мать из Докшиц
Напярэдадні Дня маці ў аблвыканкаме прайшоў традыцыйны прыём шматдзетных маці. Прадстаўніцы самых розных прафесій, узростаў, якіх аб’ядноўвае галоўнае – любоў да дзяцей, сабраліся разам, каб прыняць ушанаванне ад кіраўніцтва вобласці. На ўрачыстасці 12 жанчын былі ўдастоены ордэна Маці, 25 – абласной прэміі імя З. Тусналобавай-Марчанка. Сярод апошніх і жыхарка Докшыц, маці чацвярых дзяцей Алена Касцюк.
Шчаслівую маці мы сустрэлі, як толькі яна вярнулася з урачыстага прыёму, на якім была разам з дзевяцігадовым Арсеніем. Хлопец трымаў у руках маміну ганаровую ўзнагароду і літаральна свяціўся ад шчасця, бо заўсёды лічыў, што яго мама – лепшая!
Алена Уладзіміраўна і сапраўды яркі прыклад развянчання стэрэатыпу, што ўдзел шматдзетных маці – днямі гатаваць ежу, мыць бялізну і нікуды не хадзіць далей за прадуктовую краму. Маладая, прыгожая, эканаміст з вышэйшай адукацыяй, яна працуе ў ТЦСАН інспектарам, дарэчы, разам з мужам Пятром Віктаравічам, які з’яўляецца там вадзіцелем. Праўда, зараз яна гадуе двайнятак Сашу і Пашу, але праз нейкі месяц рыхтуецца выходзіць на працу. Пакуль жа яе актыўны характар знаходзіць увасабленне ў розных захапленнях яе дзяцей. Першая маміна памочніца 12-гадовая Марына і вядомы нам ужо Арсеній вучацца музыцы, наведваюць гурткі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Дзяўчынка яшчэ сур’ёзна для яе ўзросту захапляецца фатаграфаваннем. У школьным конкурсе яе фотаработа “Я і мая мама” стала лепшай. Алена Уладзіміраўна сцвярджае, што ўсе перамогі і дасягненні дзетак яна ўспрымае як свае асабістыя. Робіць усё магчымае, каб любое іх пачынанне стала рэальным і магчымым. У гэтай сям’і, да якой яшчэ трэба далучыць бабуль Таццяну, Тамару, Алену, дзядулю Уладзіміра, без дапамогі якіх было б складана, пануюць моцная вера і любоў да бліжняга. Яны ўсё робяць разам: трымаюць у парадку гаспадарку, дыхтоўны дом, вялікую пасеку, а па нядзелях абавязкова наведваюць царкву. Тату, праўда, дазволена ў гэты дзень хадзіць на паляванне. Потым у дзяцей нядзельная школа, а мама вольную хвіліну прысвячае духоўнай літаратуры. Гэту сям’ю вернікаў ведаюць у многіх паломніцкіх месцах. У адным з храмаў на Пскоўшчыне, дзе жыве радня, лічаць нават сваімі прыхаджанамі.
– Дзяцей трэба любіць, не шкадаваць ім увагі, ласкі і добрых слоў, і тады ўсё будзе добра, – сцвярджае ўладальніца адной з вышэйшых дзяржаўных мацярынскіх узнагарод і жадае ўсім жанчынам зведаць ні з чым не параўнальную радасць мацярынства.
Як зорка сёлетняга Дня жанчын, Алена Касцюк атрымала віншаванні і на прымеркаваным да яго свяце, якое праводзілася ў ККЗ “Іскра”. А напярэдадні была запрошана ў натарыяльную кантору, дзе стала ўдзельніцай шчодрай акцыі. Натарыусы Ірына Чуро і Антаніна Нехай уручылі ёй спецыяльны сертыфікат на права бясплатна карыстацца любымі натарыяльнымі паслугамі на працягу ўсяго 2019 года, а таксама памятны падарунак.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.