А докшичане тоже оказались в плену FaceApp

bez-imeni-1Пра мабільны дадатак FaceApp не чуў хіба той, хто нядаўна выйшаў з літаргічнага сну. Прасунутыя карыстальнікі сацыяльных сетак ва ўсім свеце штодзень пампуюць звыш мільёна копій гэтага дадатку.  Што ў ім такога асаблівага і колькі зарабляюць на карыстальніках яго распрацоўшчыкі?

Прачнуўшыся зранку і звыкла ўзяўшы мабільнік, каб прагледзець стужку навінаў, якія з’явіліся за апошнія некалькі гадзін, натыкнулася на артыкул пра мабільны дадатак FaceApp. Там значылася, што гэтая немудрагелістая праграма мае дзясяткі фільтраў, якія, калі падставіць да фатаграфіі, могуць нанесці ўсмешку на суровы твар, зрабіць з безбародых хлапчукоў мару любога барбера. Выявы жанчын, якія прайшлі карэкцыю дадаткам, нібыта нагадваюць фотамадэляў з вокладак глянцавых часопісаў. Але найбольшай папулярнасцю карыстаецца фільтр, які за пяць секунд састарыць чалавека на некалькі дзясяткаў гадоў.
Вялікую распаўсюджанасць гэты дадатак атрымаў у Instagtam, дзе карыстальнікі дзеляцца сваімі фотаздымкамі. Шчыра прызнацца, зацікавілася. Пара “клікаў” па экране смартфона – і вось ужо гартаю стужку з фота­здымкамі. “Ба! Знаёмыя ўсе твары!”– думаю, аднак чамусьці сярод іх мала чаго засталося ад маіх знаёмых: з экрана глядзяць бабулі і дзядулі. Тым не менш, нават не заўважыла, як спампавала дадатак і прымерыла на сябе пару фільтраў: вось я зусім яшчэ дзяўчынка, а тут – блан­дзінка. Урэшце справа дайшла да таго самага фільтра, які старыць. Маніпуляцыя з пераўтварэннем прайшла выдатна, нават здрыганулася, убачыўшы даволі рэалістычную фотакопію сябе, старэйшай на гадоў сорак. Гэта рэалістычнасць, пэўна, і робіць дадатак такім папулярным.
Аднак якую цану плоцяць тыя, хто карыстаецца гэтым дадаткам? Трэба сказаць, што пампуючы яго, мы пагаджаемся на тыя ўмовы, якія дыктуюць распрацоўшчыкі ў пагадненні карыстальніка, якое мала хто чытае. У ім значыцца, што дадатак можа рабіць з нашымі здымкамі ўсё, што заўгодна. Тым больш пры апрацоўцы фота здымак адразу загружаецца ў воблачнае сховішча і перастае належаць самому карыстальніку.
Пагадзіцеся, прыемнага мала, калі хтосьці, акрамя нас, можа скарыстацца асабістымі фотаздымкамі, ды яшчэ без дазволу. І дзе гарантыя таго, што праз дзесяцігоддзі мы будзем выглядаць менавіта так, а не іначай?
На маю думку, фотаздымкі нашых бацькоў, бабуль і дзядуляў скажуць больш. Паглядзець на іх – гэта ўсё адно што паглядзець у люстэрка праз дзясяткі гадоў. Дакладна і без фальшу.
Пакуль моладзь забаўляецца ў хэйтавым дадатку, састарваючы сябе на сэлфі, пажылыя людзі гавораць: “Не спяшайцеся заўчасна набліжаць старасць. Атрымлівайце асалоду ад таго ўзросту, у якім вы зараз знаходзіцеся. Жывіце ў грамадстве, а не ў сацыяльных сетках. Прыйдзе час, калі захочацца вярнуцца назад, але, на жаль, гэта будзе ўжо немагчыма”.

Дадатак FaceApp распрацаваны расійскім праграмістам Яраславам Ганчаровым. За некалькі месяцаў праграму спампавалі прыкладна 40 мільёнаў чалавек з Расіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі. FaceApp зараз з’яўляецца самым папулярным дадаткам у 121 краіне свету, у яго ёсць доступ да 150 мільёнаў асоб. Распрацоўшчыкі дадатку з 9 па 19 ліпеня зарабілі больш за адзін мільён долараў.

Таццяна САКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *