Первый этап республиканского конкурса «Властелин села» прошел в агрогородке Парафьяново Докшицкого района

vlastelin-sela-1У мінулую суботу мяккая цішыня вясковага вераснёўскага падвячорка ў аграгарадку Параф’янава абудзілася ад гоману, смеху, гукаў музыкі, а звыклы пейзаж каля мясцовага Дома культуры расквеціўся нацыянальнымі і святочнымі строямі, паветра напоўнілася пахамі смачных беларускіх страў. Ужо не ўпершыню разгарнуўся там на ўсю моц  першы, раённы, этап сямейнага сельскагаспадарчага праекта-конкурсу “Уладар сяла”. Сёлета за гэта званне і за магчымасць прадстаўляць раён на абласным этапе змагаліся чатыры сям’і: Аляксандр і Алена Букатыя з Параф’янава, Алег і Ала Радзевічы з Таргуноў – гэтыя сямейныя пары выхоўваюць па двое дзяцей, Уладзімір і Наталля Алісёнкі з Бягомля і Віталь і Вольга Баброўскія з Сітцаў – разам з імі ўдзел у конкурсе прынялі іх юныя трыа.

Напачатку мерапрыемства яго ўдзельнікаў і гасцей свята прывітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, якая ў сваім выступленні выказала ўпэўненасць, што сяброўскае спаборніцтва паміж маладымі сем’ямі працягне добрыя традыцыі конкурсу, пакладзе пачатак новым перамогам і дасягненням.

Па традыцыі спаборніцтва пачалося з прадстаўлення сямейных каманд – сёлета яно называлася “Візітная картка сям’і”. Усе сем’і творча падышлі да задання, імкнуліся праявіць як мага лепш свой мастацкі ўзровень і артыстызм. Найлепш гэта атрымалася ў параф’янаўцаў і сямейнай каманды з Бягомля. Конкурс “Па дровы” ў гэтым годзе ўскладніўся: да звыклай ужо распілоўкі бервяна ручной пілой, дзе сужэнцы працуюць у тандэме, і расколвання цуркі на чатыры палены гаспадаром дадалося яшчэ і складванне нашчапаных дроў – тут завіхаліся мамы з дзецьмі. У гэтым конкурсе наперад вырвалася сям’я Радзевічаў пры тым, што і ўсе астатнія ўдзельнікі парадавалі спрытам, хуткасцю і зладжанасцю ў дзеяннях.

У “Сельскай спартыўнай эстафеце”, акрамя добра ўжо вядомых конкурсаў па скачках у мяшках, пераносе вады і збіранні бульбы ў мех – дарэчы, у першым перамаглі Букатыя, а ў двух апошніх – Баброўскія – з’явіліся цікавыя этапы. Так, усе жанчыны ліха закалацілі цвікі ў бервяно, такім чынам адказаўшы на пытанне “Хто ў доме гаспадар?”, а іх мужы павесялілі публіку “вялікім мыццём” – развешваннем на вяроўцы вымытай бялізны ад самага малога памеру адзення да самага вялікага. Найхутчэй з гэтай непамерна складанай для моцнага полу задачай справіўся Аляксандр Букаты, а вось яго сапернік Уладзімір Алісёнак крыху адстаў па часе, але з памерамі нідзе не памыліўся, таму і атрымалі “прачкі” аднолькавую колькасць балаў.

Па выніках конкурсу ўсе сем’і былі ўзнагароджаны дыпломамі і атрымалі добрыя падарункі ад раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, райкама прафсаюза работнікаў АПК, ГА “Белая Русь” і раённай арганізацыі ГА “БРСМ”. А пераможцаў вызначылася двое: Букатыя і Алісёнкі.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *