Медсестра Валентина Хохолко из Бегомля для детей, как мама

izobrazhenie_viber_2020-01-28_11-20-00Валянціна Хахолка працуе ўчастковай медсястрой у дзіцячай кансультацыі Бягомльскай раённай бальніцы больш за 35 гадоў. Бацькі, якім хоць аднойчы прыхо­дзілася мець справу з Валянцінай Іванаўнай, адзначаюць яе клапатлівыя мацярынскія адносіны да маленькіх пацыентаў.
– Прафесію сваю вельмі люблю, – гаворыць жанчына. – Скажу нават больш – жыву ёй. І гэта не проста словы. Стаць медсястрой марыла, як ні банальна гэта гучыць, яшчэ са школы. Вельмі захаплялася тэлеперадачамі пра медыкаў ці, як тады іх любілі называць, пра “людзей у белых халатах”, і была ўпэўнена, што стану адной з іх.
Мара выпускніцы Парплішчанскай СШ збылася, калі Валянціна паступіла ў Полацкае медвучылішча. Пасля яго заканчэння размеркавалася ў Бягомльскую раённую бальніцу. Тое, што пацыенты будуць дзеці – зусім маленькія і падлеткі, крыху насцярожыла. Але вопытныя калегі, якія настройвалі на работу, іх парады і падтрымка аказаліся да месца, каб упэўнена, без страху пачаць сваю прафесійную дзейнасць.
Пакуль размаўлялі з Валянцінай Іванаўнай, заўважылі, што на прыём не прыйшоў ніводны пацыент. Гэта крыху здзівіла. Медсястра, усміхнуўшыся, сказала, што гэта вельмі добра, значыць, дзеткі не хварэюць.
– Перажываю за кожнае дзіця, – усхвалявана кажа Валянціна Іванаўна. – Ведаю іх усіх, і яны мяне. Некаторыя цёцяй Валяй называюць. Ад гэтага на душы цяплей.
Акрамя рэцэптаў, якія выпісвае па назначэнні ўрача, медсястра многа часу аддае вядзенню шматлікай дакументацыі. А яшчэ робіць прафілактычныя прышчэпкі, іншыя працэдуры. Наведвае ФАПы, размешчаныя ў межах сельсавета, на абслугоўванні якіх знаходзяцца сем’і з немаўляткамі. Дарэчы, у Бягомлі на сённяшні дзень зарэгістравана 20 дзетак да года. Увогуле ж, на тэрыторыі Бягомльскага сельсавета налічваецца 899 дзяцей.
Гледзячы на сваю матулю, яе апантанасць работай, малодшая з дачок Валянціны Хахолка таксама выбрала прафесію медыка. Зараз яна працуе ў Мінскай абласной бальніцы. Дзецьмі сваімі Валянціна вельмі ганарыцца, заўсёды чакае іх прыезду ў родны дом, каб пагутарыць, пацікавіцца справамі, а таксама папесціць маленькіх унучыкаў-двайнят Багдана і Яраслава.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *