Докшыччына ў складзе Польшчы

dakshychane_vitayuc_chyrvonuyu_armiyu_17_verasnya_1939_goda_

Дакшычане вітаюць Чырвоную армію. 17 верасня 1939 года

Як вядома, у выніку савецка-польскай вайны 1919-1920 гадоў Беларусь была падзелена на дзве часткі. Яе заходнія землі, паводле Рыжскага дагавора, падпісанага паміж Савецкай Расіяй і Польскай дзяржавай, былі далучаны да Польшчы. За імі замацавалася неафіцыйная назва “Заходняя Беларусь”. У ліку іх значылася і частка тэрыторыі сучаснага Докшыцкага раёна. Докшыцкая, Валкалацкая, Параф’янаўская, Парплішчанская і Тумілавіцкая гміны ўвайшлі ў Дзісненскі павет Віленскага ваяводства. На мяжы было размешчана пяць пагранзастаў, адна камендатура. У Беразіно ў 1935-1936 гадах быў пабудаваны пагрангарадок, куды перамясціліся памежнікі з Полацка.

Заходняя Беларусь, або крэсы ўсходнія, як называлі яе палякі, з’яўлялася адсталай ускраінай Польскай дзяржавы. Эканамічная палітыка правячай улады была скіравана на тое, каб беларускія землі міжваеннага перыяду пакінуць у стане аграрна-сыравіннага прыдатку карэннай Польшчы. Рабочы клас падвяргаўся жорсткай эксплуатацыі, яго пастаянным спадарожнікам было беспрацоўе. У аграрнай галіне 48 працэнтаў зямель належала памешчыкам, на Докшыччыне ўсе 65 працэнтаў знаходзіліся ў валоданні паноў, чые маёнткі меліся быць у Сітцах, Параф’янаве, Кліманцове, Дзедзіне, Кіякове, Гняздзілаве, Булахах, Вянюціне, Ходараўцы. Улады спрабавалі праводзіць зямельныя рэформы, але ад іх у выйгрышы былі толькі памешчыкі і заможныя сяляне, а бедната бяднела яшчэ больш. Таму вельмі шмат людзей адпраўлялася на заробкі ў Амерыку, Францыю, Латвію і іншыя дзяржавы. Моцным быў нацыянальны, рэлігійны гнёт. Школы былі толькі польскімі, вітаўся пераход праваслаўных беларусаў у каталіцызм.

Зразумела, што бяспраўе, цяжкае эканамічнае становішча і прыклад суседняй Савецкай Расіі, дзе працоўныя ўзялі ўладу ў свае рукі, прывялі да ўзнікнення ў Заходняй Беларусі нацыянальна-вызваленчага руху. У 1925 годзе была створана легальная масавая арганізацыя – Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ). Яна выступала за аб’яднанне ўсіх беларускіх зямель у асобную рэспубліку рабочых і сялян. У Дзісненскім павеце гурткі Грамады аб’ядноўвалі 15 тысяч чалавек. Яны меліся і на Докшыччыне, у вёсках Ліпаўкі, Малажане, Казлы, Кляпіцы, Слабада, Літоўцы, Верацеі. У 1927 годзе Грамада была разагнана польскімі ўладамі.

img_009

Кацярына Малюжанец са сваімі дочкамі: роднай і прыёмнай

Найбольш уплывовай і арганізаванай сілай з’яўлялася Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, створаная ў кастрычніку 1923 года. Партыя была забаронена, таму дзейнічала ў падполлі. У 1923 годзе падпольная партыйная арганізацыя ўзнікла і ў Докшыцах. Узначаліў яе Аляксандр Каляга, які яшчэ ў студзені 1918 года быў сакратаром Докшыцкай гарадской арганізацыі партыі бальшавікоў. Партыйныя ячэйкі былі таксама ў шэрагу вёсак. Адначасова з КПЗБ фарміраваўся  Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі, які таксама дзейнічаў нелегальна. Падпольшчыкі шырока адзначалі пралетарскія святы, распаўсюджвалі нелегальную літаратуру, газеты, улёткі. Найбольш шматлікія ячэйкі знаходзіліся ў Кляпіцах, Валодзьках, Жалюбчыках, Порплішчы, Сценцы, Таргунах, Барсуках, Гняздзілаве, Верацейцы, Сабарах.

Польскія ўлады, зразумела, праследавалі ўдзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху. На 15 гадоў зняволення быў асуджаны Ян Бабровіч з в. Параф’янава, які ў свой час вучыўся ў Пражскім універсітэце, быў палітычным рэдактарам газет “Беларуская ніва”, “Жыццё беларуса” і інш. У 1932 годзе апынуўся ў СССР у выніку абмену палітвязнямі. Але праз год быў арыштаваны і там. Памёр у 1943 годзе на выселках. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

У польскай турме Лукішкі памёр Іван Лукашэвіч з Падомхаў. Шмат гадоў там правёў Міхаіл Квачонак з Лапут. Да чатырох з паловай гадоў турмы была прыгаворана і вядомая падпольшчыца Кацярына Малюжанец з Докшыц, якая пасля выхаду з-за кратаў працягвала займацца падпольнай дзейнасцю. Яе разам з мужам расстралялі толькі ў 1943 годзе нямецка-фашысцкія акупанты. Адукацыя тых людзей была невялікай, часцей за ўсё чатыры класы польскай школы, але палітычная свядомасць іх была высокай, яны былі стойкімі і мужнымі змагарамі за шчаслівую будучыню.

Жыццё сялян за польскім часам на Докшыччыне і прыход Чырвонай Арміі вельмі добра апісаў у сваім рамане “Юргінія” наш зямляк, пісьменнік Міхаіл Конан.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *