19 января — День спасателя. Работники Докшицкого РОЧС рассказали о своей профессии

18-04-46-2

19 студзеня — Дзень выратавальніка, 25-годдзе з дня ўтварэння МНС.

Сёння работнікі МНС гатовы выконваць увесь спектр аварыйна-выратавальных работ. Пажары, ДТЗ, трагедыі на вадзе, у лесе – выратавальнікі паспяхова спраўляюцца з самымі складанымі задачамі. Пра работу ў органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях і тое, чым прываблівае адна з самых небяспечных прафесій, напярэдадні прафесійнага свята распавядаюць нашы героі – намеснік начальніка РАНС Яўген Мацкевіч, начальнік ПАВЧ №2 г.п. Бягомль Дзмітрый Няверка, вадзіцель ПАВЧ №1 Вячаслаў Каляга і начальнік дзяжурнай змены ПАВЧ №1 Раман Рыснік.

img_9453Валянцін Баравікоў, начальнік РАНС, дэпутат Бярозкаўскага сельскага Савета дэпутатаў, з 2016 года ўзначальвае пажарную службу раёна:

– Палажэнне аб Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь зацверджана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 1999 года. Менавіта гэта дата стала кропкай адліку для аднаго з самых маладых ведамстваў Беларусі. На яго ўскладзены функцыі дзяржаўнага кіравання ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, забеспячэння пажарнай бяспекі. За 25 гадоў служба дасягнула высокіх вынікаў у галіне гарантавання бяспекі нашай краіны. І ўсё дзякуючы старэйшаму пакаленню. Мы свята шануем традыцыі, закладзеныя нашымі ветэранамі, і перадаём іх маладым.

Віншую былых і цяперашніх калег з прафесійным святам, жадаю ім і іх сем’ям міру, дабра і кахання!

 

img_9477Яўген Мацкевіч:

– Дзякуй бацькам, якія параілі мне звязаць жыццё з гэтай важнай прафесіяй. Пачынаў сваю дзейнасць майстрам-выратавальнікам у Наваполацку, потым там жа займаў розныя пасады і ў канчатковым выніку быў пераведзены ў Докшыцы намеснікам начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Калі хто думае, што наша работа кабінетная, то памыляецца. Мы таксама выязджаем на пажары, шукаем людзей, якія заблукалі ў лесе, “выразаем” з жалеза пацярпелых у ДТЗ. Памятаю, як пасля аварыі, якая адбылася пад Бягомлем гады чатыры таму, дапамагалі дастаць з машыны заціснутага вадзіцеля. Спякота ў той дзень стаяла больш за 30 градусаў. Працавалі каля дзвюх гадзін, у тоўстых байцоўках, з цяжкім гідраўлічным абсталяваннем. Стаміліся так, што аднаму з калег нават спатрэбілася дапамога медыкаў.

 

photo_2024-01-12_10-42-30Дзмітрый Няверка:

– З прафесіяй выратавальніка – а ў іншай сябе і не ўяўляю – пасябраваў 16 гадоў таму, прайшоў шлях ад байца да начальніка часці. Колькі разоў за гэты час прыходзілася выязджаць па трывожных сігналах, дакладна не лічыў, але іх было шмат. Галоўнае – своечасова дапамагчы людзям. Ніколі не ставіў асабістае вышэй за службу, нават у выхадныя дні. Памятаю, як у першы дзень вясны 2018 года ў Бягомлі, на вуліцы Савецкай, гарэў двухпавярховік. Жыву побач, таму першы пабег да месца здарэння. Апрануў спецапарат, і з дыму і агню з калегамі мы вынеслі пяць чалавек, у тым ліку дзіця. З суседніх кватэр эвакуіравалі яшчэ сем чалавек.

 

img_9459Вячаслаў Каляга:

– Трапіць у службу выратавання марыў яшчэ ў арміі. Таму пасля вяртання дадому цвёрда рашыў паспрабаваць сябе ў гэтай высакароднай прафесіі. Тым больш што ў роднай вёсцы – Крыпулях – якраз адкрыўся пажарны пост. Пачынаў камандзірам аддзялення, але цяга быць вадзіцелем перамагла. З 2017 года ім і з’яўляюся: зараз працую ў Докшыцах. Прафесію люблю, даражу ёй, як і тэхнікай, на якой павінен даставіць калег-пажарных да месца здарэння і назад, прычым у поўным саставе.

 

 

 

img_9466Раман Рыснік:

– Аб прафесіі выратавальніка марыў з дзяцінства, а прыкладам заўсёды быў тата, які таксама працаваў у пажарнай службе. З восьмага класа пайшоў вучыцца ў кадэцкае вучылішча, затым ва ўніверсітэт і вось ужо тры гады працую ў Докшыцкім райаддзеле. За гэты час прыходзілася выязджаць на ліквідацыю пажараў, аказваць дапамогу пацярпелым у ДТЗ. Запомніўся адзін з маштабных выездаў, калі гарэў касцёл у Будславе. Прафесія, канечне, небяспечная, але гэта не пужае, наадварот, загартоўвае і дысцыплінуе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *