Технику к посевному сезону в ГП «АгроСитцы» готовят заранее
Вось ужо і капрызны, непастаянны сёлета студзень набліжаецца да канца, яшчэ хутчэй праляціць кароткі люты, а там і тэхніку да пасяўной кампаніі сельгаспрадпрыемствам на лінейку гатоўнасці трэба выстаўляць. У ДП “АграСітцы” пра гэта памятаюць і тэхніку да сяўбы яравых збожжавых і зернебабовых культур рыхтаваць пачалі практычна адразу ж, як у зямлю легла насенне азімых. Гэтаму паспрыяла і забяспечанасць неабходнымі для рамонту запчасткамі – як кажуць, рэспект інжынернай службе гаспадаркі.
Так, на сённяшні дзень гатовы ўжо да веснавых работ у полі чызельны культыватар К4-5.1, некалькі абаротных плугоў ППО-8.40, актыўна вядзецца тэхабслугоўванне і рамонт трактароў.
У памяшканні мехмайстэрні сельгаспрадпрыемства за работай заспелі механізатараў Валерыя Ліпчыка, які амаль цалкам “перабіраў” замацаваны за ім дыскатар АД – 800 “Рубін”, і Сяргея Кучыца – ён даводзіў да ладу пасяўны агрэгат АПП-6, падчапіўшы які да энерганасычанага МТЗ-3022, калі паспрыяе надвор’е, дзесьці праз два – два з лішкам месяцы выедзе на палеткі з самай высакароднай на свеце місіяй – закладваць новы ўраджай.
“Справіцеся ў тэрмін падрыхтаваць трактары і агрэгаты?” – цікавімся. “Чаму ж не? – адказваюць. – Калі ёсць запасныя дэталі, усё астатняе – справа тэхнікі”. Такая вось гульня слоў атрымалася. Думаецца, што ўсё ў сітцаўскіх аграрыяў павінна атрымацца і на справе.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.