Сделать запас дров поможет Докшицкий филиал ОУП «Витебскоблтоп»

Мікалай Шульгат: “Наша прадукцыя – вашы цяпло і ўтульнасць”.

Мікалай Шульгат: “Наша прадукцыя – вашы цяпло і ўтульнасць”.

Ацяпляльны сезон у самым разгары, і, вядома ж, усе, хто мае патрэбу ў паліве, забяспечыліся ім загадзя. Але не варта забываць, што дні і месяцы ляцяць незаўважна, і таму варта ўжо зараз паклапаціцца пра тое, каб наступнымі восенню і зімой у доме было цёпла і камфортна. У гэтым усім ахвотным аператыўна дапаможа Докшыцкі філіял АУП “Віцебскаблпаліва”.

Перабояў з абодвума відамі паліва для насельніцтва няма ні па датацыйнай, ні па свабоднай цэнах, якія ў параўнанні з мінулым годам выраслі зусім нязначна. Гэтак жа няма і чэргаў.

Па датацыі адзін раз у год, незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці індывідуальнага ацяпляльнага абсталявання, якое працуе на газе або электрычнай энергіі, на адно домаўладанне можна набыць 3,5 тоны торфабрыкету па цане 30 рублёў 92 капейкі за тону або 4,9 шчыльнага кубічнага метра дроў цуркамі – прычэп іх абыдзецца з улікам НДС і пагрузкі ў 163 рублі 94 капейкі. Прычэп шчапаных дроў каштуе даражэй – 236 рублёў 32 капейкі. Дастаўка ж любога віду паліва – 5 рублёў 22 капейкі за кіламетр з улікам НДС.

Калі такой нормы на ацяпляльны сезон недастаткова, паліва звыш фіксаванага аб’ёму давядзецца аплаціць ужо па свабодных цэнах. Заказ таксама выконваецца аператыўна. Для льготных катэгорый насельніцтва – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, інвалідаў І і ІІ груп паліва рэалізуецца са зніжкай 50 працэнтаў.

На працягу года жыхары могуць заказаць адзін з відаў паліва. Пры жаданні заказчык можа ўказаць меншы аб’ём прадукцыі. Дровы прапаноўваюцца ў асноўным сасновыя, розных дыяметраў, хаця сустракаюцца і лісцёвыя пароды. Для зніжэння цаны на паліва і аператыўнасці дастаўкі ў раёне створаны прамежкавыя склады па дастаўцы.

Дырэктар Докшыцкага філіяла АУП “Віцебскаблпаліва”, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Мікалай Шульгат:

– Бягучы год у Рэспубліцы Беларусь аб’яўлены Годам якасці. У сувязі з гэтым хацелася б адзначыць, што наша прадпрыемства для рэалізацыі насельніцтву прапаноўвае толькі якасную прадукцыю. Заляжалых, струхнелых дроў у нас няма. Думаю, тыя, каму мы неаднаразова аказвалі нашы паслугі, пацвердзяць: пашчапана драўніна належным чынам, не залішне буйна і не дробна, паленцы маюць аптымальную даўжыню і для паліўных катлоў, і для печак. Велізарныя цуркі мы таксама стараемся для сваіх пакупнікоў – уладальнікаў уласных дамоў – не грузіць, каб шчапаць іх уручную было нескладана. Таксама нельга скідваць з вагаў хуткасць дастаўкі заказу і ветлівае абслугоўванне.

Зрабіць заказ і атрымаць больш дакладную інфармацыю можна па тэлефоне 5-47-17.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *