Шить оригинальные игрушки учит детей педагог Докшицкого ЦДиМ Вита Савулова

img_7156

Здавалася б, пры магчымасцях сучаснай прамысловасці якія могуць быць цацкі ручной работы? Аж не, іх непадобнасць адна на адну, своеасаблівая энергетыка прывабліваюць і спажыўцоў, і саміх майстроў. 

“Кожны, хто захоча, можа навучыцца шыццю”, – пераконвае кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Мяккая і дэкаратыўная цацка”, педагог-арганізатар, педагог дадатковай адукацыі раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Віта Савулава. І яна мае рацыю: яе выхаванцы, а гэта ў асноўным дзяўчынкі 8–13 гадоў, чаго толькі ні шыюць: і зайчыкаў-коцікаў, і чарапах-драконаў, і самых розных лялек! З меху і тэкстылю, аздабляючы вышыўкай крыжыкам, тэхніку якой асвойваюць тут жа, і іншым дэкорам.

Шыццё – справа скрупулёзная

Праграма аб’яднання па інтарэсах разлічана на два гады, але нярэдка па-сапраўднаму апантаныя гэтым мастацтвам дзеці застаюцца тут і надалей – шліфаваць навыкі і рэалізоўвацца ў творчасці. Яскравы прыклад – уласныя дочкі Віты Пятроўны Люба і Вера, якія зараз ужо сталі для сваёй мамы першымі памочніцамі.

Трапіць у аб’яднанне могуць усе жадаючыя, а навучанне пачынаецца літаральна з нуля. “Не ўсё ладзіцца адразу, – заўважае педагог. – Звычайна напачатку, каб паскорыць працэс, дзеці робяць вялізныя шыўкі, што выглядае дужа неакуратна. Прыходзіцца распорваць, да немалога расчаравання выхаванцаў, і пачынаць работу нанава. Шыццё – справа скрупулёзная і патрабуе цярпення, вытрымкі. І нават на самы немудрагелісты выраб патрэбна не адна гадзіна”.

img_7134

Зараз у аб’яднанні чатырнаццаць дзяцей, сярод іх два хлопчыкі. Напрыклад, Арцём Пятровіч наведвае заняткі другі год, прычым яшчэ ходзіць у школу мастацтваў, і вольнага часу амаль няма. Між тым аб’яднанне па інтарэсах працуе па дзве гадзіны двойчы ў тыдзень, але размова пра тое, каб пакінуць выраб цацак, у сям’і хлопчыка ніколі не ўздымалася – бацькі бачаць, колькі радасці прыносіць сыну яго хобі. З такім жа задавальненнем вырабляе цацкі і Раман Радкевіч. Нядаўна яго сумесная работа з Вікторыяй Палячонак была накіравана на абласны этап рэспубліканскай выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”. Іх Дракон атрымаўся прыгажуном.

Рупліва чаруюць над цацкамі Крысціна Яцкоўская, Алёна Аніська, Мілана Пруская і іншыя дзяўчынкі. Мілана добра спраўляецца з работай на швейнай машынцы, якою карыстаюцца самыя майстаравітыя вучні. З былых выпускаў – а аб’яднанне было адкрыта ў верасні 2012 года – Віта Пятроўна ў першую чаргу ўспамінае Сафію Міцько, Дар’ю Караткову і Анастасію Самсонаву, якія ўкладвалі душу ў свае вырабы і гатовы былі займацца імі да позняга вечара.

Шлях да мастацтва

Падчас вучобы ў Крулеўшчынскай сярэдняй школе дзяўчынка Віта марыла стаць доктарам, каб умацоўваць здароўе людзей, выратоўваць іх жыцці. А лёс распарадзіўся так, што закончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава і цяпер спрыяе стварэнню прыгажосці, якая таксама, паводле вядомага выслоўя, ратуе свет. Да ВНУ скончыла ў Віцебску прафесійна-тэхнічнае вучылішча па спецыяльнасці “закройшчык-кравец” (з чырвоным дыпломам) і індустрыяльна-педагагічны каледж. Сем гадоў працавала настаўнікам працоўнага навучання і педагогам-арганізатарам у Гняздзілаўскай базавай школе і ў апошнія гады па сумяшчальніцтве вяла заняткі ў Цэнтры дзяцей і моладзі. Пастаянна на цяперашнім месцы – з 2012 года. Атрыманая адукацыя і набыты вопыт дазваляюць Віце Пятроўне ўвасабляць на практыцы самыя смелыя крэатыўныя ідэі і знаходзіць падыход да кожнага вучня.

Асабліва шмат навыкаў адтачыла ў вучылішчы, дзе навучылася кроіць і шыць адзенне, рабіла гэта і на заказ. “Там вучылі добрасумленна працаваць і даводзіць пачатае да канца”, – кажа Віта Савулава. Такія ж якасці прывівае і сваім выхаванцам.

Любоў да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Віты Пятроўны і на падсвядомым узроўні – яе матуля і бабуля былі таленавітымі рукадзельніцамі: шылі, ткалі, вязалі і вышывалі.

Прызнанне талентаў

Кіраўнік аб’яднання стварыла групу ў месенджары, дзе выстаўляюцца фотаздымкі работ і працэсу іх стварэння. У кабінеце, дзе займаюцца дзеці, ладзяцца выставы вырабаў.
Лепшыя цацкі адпраўляюцца на конкурсы, і не толькі раённыя. У адкрытым конкурсе-выставе выяўленчай і дэкаратыўнай творчасці “Ізумрудная чарапаха”, які праводзіць Парычскі музей чарапах сумесна з Гомельскім абласным палацам дзіцячай творчасці і інспекцыяй па экалогіі і прыродных рэсурсах, докшыцкія “цацачнікі”, пачынаючы з 2016 года, атрымалі два дыпломы першай ступені і два – другой. Заваяваны ўзнагароды ў абласным этапе рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”.

img_713

Адна з самых любімых цацак у дзяцей – лялька. Выхаванцы вучацца рабіць іх з дапамогай розных тэхнік. Тут і традыцыйныя беларускія лялькі, панчошныя, гарбузагалоўкі, тыльды і іншыя. Да фэсту траў “Жыватворная сіла”, які праходзіць на Докшыччыне, шылі лялькі-абярэгі. Удзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе “Выхаванне на аснове традыцый беларускага народа. Беларуская народная цацка”, у выніку чаго ў мінулым годзе матэрыялы даследчага мастацкага праекта “Тэкстыльная народная лялька” пад кіраўніцтвам Віты Савулавай увайшлі ў зборнік “Праектная дзейнасць як сродак развіцця творча-даследчай і сацыяльна значнай дзейнасці вучняў”, дзе прадстаўлены лепшы педагагічны вопыт Віцебшчыны ў дадзенай сферы. У абласным этапе ІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу даследчых праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый” занялі трэцяе месца за падрыхтаваны каляндар абрадавых і абярэгавых лялек і апісанне тэхналогіі.

– На занятках дзеці развіваюць творчыя здольнасці, набываюць навыкі канструявання, – адзначае Віта Пятроўна. – Да таго ж за работай мы ўсе цесна ўзаемадзейнічаем, таму неўзабаве пасля знаёмства становімся сябрамі. А больш за ўсё я люблю назіраць, якую асалоду атрымліваюць мае выхаванцы ад выніку работы. Іх эмоцыі натхняюць.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *