100-летний юбилей отметила жительница деревни Пугачево Бегомльского сельсовета Александра Гайчук
У друку і на тэлебачанні зараз столькі парад урачоў, псіхолагаў, дыетолагаў, іншых спецыялістаў як і што трэба рабіць, каб стаць доўгажыхаром, захаваць пры гэтым нядрэннае здароўе, мець “маладую” памяць і востры розум. А вось жыхарка вёскі Пугачова Бягомльскага сельсавета Аляксандра Гайчук, якая ў першы дзень новага 2024 года адзначыла першае стагоддзе свайго жыцця і пачала адлік другога, ніякага рэцэпту доўгажыхарства не мае. Ды і лёс яе – прамое супярэчанне ўсім тым вышэй памянутым парадам. А вось тое, што гэта жанчына сумела захаваць цікавасць да жыцця і ўменне радавацца кожнаму дню, мусіць, і ёсць той праславуты ўнутраны стрыжань, які дае чалавеку трываласць.
Дзіця даваеннага часу, працаваць яна стала яшчэ не дасягнуўшы свайго першага маленькага юбілею – дзесяцігоддзя: пасвіла з іншымі дзецьмі калгасных цялят.
– З той пары і звязала свой лёс з калгасам, з фермай, з родным Пугачовам назаўжды, – гаворыць Аляксандра Георгіеўна. – Некуды з’ехаць і думак не было: дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся.
Шмат даводзілася чуць пра ранейшыя ўмовы працы на фермах, але аповед бабулі Шуры… Слоў не знаходзіцца, каб выказаць здзіўленне і захапленне нежаночай сілай і трываласцю тагачасных даярак. Сянаж з ямы каровам насілі на сабе ў посцілках, на конях ездзілі на палеткі, грузілі там скошаныя лубін ці канюшыну, гной са стойлавага памяшкання выносілі вонкі на насілках, узімку кароў ганялі на вадапой на сажалку, цягалі саракалітровыя бітоны з малаком.
– Гэта ў мяне, незамужняй, дзетак не было, а тыя жанчыны, каму малых не было з кім дома пакінуць, бралі іх з сабой на ферму і, пакуль працавалі, нават прывязвалі некаторых да слупоў, каб не ўлезлі куды ды не пакалечыліся, – уздыхае суразмоўца і тут жа дадае: – Але ўсё роўна весела было: і працавалі ад душы, і гулялі дружна.
Пра тое, што мая гераіня працавала ад душы, сведчаць два медалі “За працоўную адзнаку” і шэраг іншых узнагарод. І гэта не ўсё! Аляксандра Георгіеўна была членам КПСС, дэпутатам раённага, а пасля і абласнога Саветаў дэпутатаў. Самыя яркія ўспаміны – паездкі ў Віцебск, на сесіі. Нават выступаць давялося. Хоць і хвалявалася, кажа, але, што называецца, у гразь не ляснулася. У гэта верыцца, бо ўнутраная энергія, рашучасць бабулі Шуры адчуваюцца і зараз.
– Сцэны я не баялася – не раз у клубе выступала, прыпеўкі спявала, пэўна, сотню іх ведаю, – у вачах яе загараюцца агеньчыкі, і тут жа некалькі прыпевак выдае без перапынку, а затым спявае любімую “Что стоишь, качаясь, тонкая рябина…” Шмат чаго доўгажыхарка згадвае ў размове – цыкл замалёвак можна па тых успамінах напісаць.
Яе сённяшнія дні сагрэты любоўю і клопатам пляменніцы Ларысы Лаўрэнцьеўны Глазко, яе сына Уладзіміра. Бабуля Шура ўсё жыццё пражыла са сваёй сястрой Кацярынай, і Ларыса Лаўрэнцьеўна прызнаецца, што мела ў асобе цёткі другую маці, якая і шкадавала, і парады давала, і дзяцей (а іх у Ларысы пяцёра) дапамагала гадаваць. Аляксандра Георгіеўна ўжо атрымала новы пашпарт, тэрмін дзеяння якога заканчваецца ў 2048 годзе. У адказ на пажаданне дажыць да атрымання яшчэ аднаго галоўнага дакумента жартуе: “Хораша было б, але ж і Ларысе тады трэба пастарацца пражыць гэтыя 25 гадоў: куды ж я без яе?”
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.