В Докшицком РОСК опытные и молодые следователи работают плечо в плечо
12 верасня – Дзень супрацоўніка органаў папярэдняга следства
У Докшыцкім раённым аддзеле Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь плячо ў плячо працуюць вопытныя і маладыя спецыялісты. Такі ўдалы сплаў прыносіць станоўчыя вынікі.
Па асноўных паказчыках следчай дзейнасці за мінулы год калектыў заняў трэцяе месца ў вобласці.
– Следчыя збіраюць доказы злачынстваў, устанаўліваюць абставіны іх здзяйснення, – расказвае пра работу супрацоўнікаў начальнік раённага аддзела падпалкоўнік юстыцыі Тофік Дзямешка. – Ад адказнасці нашых спецыялістаў залежыць вынясенне далейшага судовага прысуду, а значыць, лёсы падазроных і вінаватых па крымінальнай справе, таму памыліцца нельга. Скрупулёзнасць, здольнасць да глыбокага аналізу, уважлівасць да дэталей – галоўныя складальнікі прафесіяналізму следчых.
Тофік Тофікавіч узначаліў аддзел больш за два з паловай гады таму. Ураджэнец Віцебска, з вялікім стажам работы ў следстве: працаваў у Віцебскім гарадскім аддзеле і Лепельскім раённым аддзеле, упраўленні па Гомельскай вобласці. Да назначэння на цяперашнюю пасаду ўжо меў значны вопыт кіраўніцтва. У гэтым годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам Следчага камiтэта “За заслугі”.
– Злачыннасць у раёне, як і па ўсёй Беларусі, паступова пераходзіць у інфармацыйную сферу, – расказвае Тофік Дзямешка. – У гэтай сувязі змяняецца спецыфіка работы – для пошукаў злачынцаў выкарыстоўваецца праграмнае забеспячэнне, сродкі, якія здольныя знайсці каштоўныя сляды.
Асабліва “ў тэме” расследавання кіберзлачынстваў маладыя кадры, адзначыў начальнік. Сярод іх капітан юстыцыі Іван Бондар, які ў аддзеле з мая гэтага года. Пасля Інстытута пагранічнай службы пяць гадоў знаходзіўся на ахове Дзяржаўнай мяжы ў Брэсцкай вобласці, а пасля вярнуўся на малую радзіму. Добра разбіраецца ў інфармацыйных тэхналогіях, таму яго ўклад у расследаванне сучасных злачынстваў неацэнны.
Лейтэнант юстыцыі Ганна Козел, таксама наша зямлячка, прыйшла ў райаддзел месяц таму пасля заканчэння з чырвоным дыпломам юрфака Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М. Машэрава. Такое рашэнне прыняла пасля плённай стажыроўкі ў Докшыцах. Мае шэраг навуковых публікацый па кіберзлачыннасці.
На расследаванні злачынстваў у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій спецыялізуецца яшчэ адзін ураджэнец раёна – старшы лейтэнант юстыцыі Павел Балашка, які служыць у следстве два гады. Займае актыўную грамадскую пазіцыю, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь прымаў удзел у ваенным парадзе ў сталіцы. Спартсмен, нядаўна ў складзе адной з валейбольных каманд следчых атрымаў перамогу ў абласных спаборніцтвах, якія ладзіла ўпраўленне СК.
З 2020 года ў родным горадзе служыць старшы следчы старшы лейтэнант юстыцыі Ілья Грыгаровіч. “Мэтанакіраваны і амбіцыёзны ў справе”, – ахарактарызаваў яго Тофік Дзямешка.
Гонар аддзела – лейтэнант юстыцыі Крысціна Пракаповіч, якая па выніках працы знаходзіцца ў ліку лепшых следчых вобласці са стажам службы да двух гадоў. У канцы мінулага года Крысціна разам са старшым следчым падпалкоўнікам юстыцыі Аляксандрам Маслоўскім занялі першае месца ў рэспубліцы ў конкурсе на лепшую арганізацыю работы з маладымі следчымі. Аляксандр Станіслававіч – сапраўдны ас і настаўнік не толькі для пачаткоўцаў, але і прыклад самаадданасці для ўсяго калектыву.
Правая рука начальніка аддзела – намеснік Юрый Лаўрыновіч, падпалкоўнік юстыцыі. Не толькі асабіста вядзе расследаванне крымінальных спраў, але і сумесна з начальнікам кантралюе гэты працэс у цэлым па аддзеле. У Докшыцы прыехаў з Глыбокага больш за год назад і адзначае зладжанасць нашых спецыялістаў, узаемадапамогу і падтрымку адзін аднаго.
Вось такой камандай докшыцкія следчыя займаюцца расследаваннем злачынстваў, здзейсненых на тэрыторыі раёна. З пачатку года ў вытворчасці знаходзілася больш за 140 крымінальных спраў. Для звычайных грамадзян кампетэнтнасць следчых – гэта ўпэўненасць у тым, што справядлівасць заўсёды пераможа.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.