Не забывают родительский дом в деревне супруги Ломановичи из города Докшицы

Наталля Ламановіч у адным з куточкаў саду з любімай гускай Гагай.

Наталля Ламановіч у адным з куточкаў саду з любімай гускай Гагай.

ne-pradaeccaЦяжка сказаць, якая карціна больш самотная, нават балючая: калі апусцелы і нікому не патрэбны дом трухнее, “хварэе”, зарастае быллём ці калі яго прадаюць, і чужыя людзі, наводзячы там ужо свае парадкі, выкідаюць у смецце і паляць дарагія колішнім жыхарам рэчы… І наадварот, адчуваеш асаблівую цеплыню, убачыўшы ў якойсьці вёсачцы, дзе з кожным годам у цёмны час сутак свеціцца ўсё менш акон, дагледжаную сядзібу, пра якую клапоцяцца дзеці і ўнукі. Жыве бацькоўская хата! Менавіта такая сядзіба кінулася нам у вочы ў вёсцы Атрубак Крыпульскага сельсавета. Яе цяперашнія гаспадары – дакшычане Вячаслаў і Наталля Ламановічы.

У Атрубку нарадзіўся і вырас Вячаслаў Кранідавіч. Яго бацькоў ужо няма на гэтым свеце. Але, мусіць, іх душы на нябёсах радуюцца, бачачы, што ў іх хаце і на падворку па-ранейшаму кіпіць жыццё, а пасаджаны імі сад дагледжаны, квітнее ў маі і поўніцца сакавітымі пладамі ў верасні.

– Мы і новы сад заклалі – чаму б не, калі тэрыторыя дазваляе, – вядзе экскурсію гаспадар. – Ёсць нават, скажам так, персанальныя дрэвы, пасаджаныя ў гонар нараджэння ўнукаў. Вось Цімошава грушка, вось Давідава яблынька, а гэта Сашкава вішня. Хлапчукі нашы, калі прыязджаюць, адразу бягуць глядзець, наколькі падраслі іх дрэўцы.

У Наталлі Уладзіміраўны і Вячаслава Кранідавіча ёсць асноўнае жыллё ў Докшыцах, але абое прызнаюцца, што з ранняй вясны і да позняй восені пасля работы яны спяшаюцца менавіта сюды.

– Добра, што зараз працуем вартаўнікамі – я ў школе №2, Слава – у Дэпартаменце аховы, – распавядае Наталля. – Графікі работы вельмі прыдатныя, каб як мага больш часу праводзіць у вёсцы і жыць сапраўдным вясковым жыццём.

Вось так дэкарыраваў засохлае дрэва Вячаслаў.

Вось так дэкарыраваў засохлае дрэва Вячаслаў.

Яны так і жывуць: дружна працуюць у створаным сваімі рукамі маленькім куточку шчасця. З задавальненнем упрыгожваюць сядзібу і ствараюць камфорт. Наталля дзе толькі магчыма саджае кветкі, Вячаслаў робіць з дрэва розныя садовыя фігуркі і кампазіцыі, а таксама ўдала атрымаліся ў яго альтанка, мангал, арэлі, вялікі навес, пад якім размясціўся такіх жа ўнушальных памераў стол з лавачкамі. Прыязджаюць у госці дочкі з сем’ямі, з гаспадарамі жыве Наталліна мама Валянціна Іванаўна – усім за тым сталом хапае месца.
У доме, чысценькім і ўтульным, Ламановічы сучаснага рамонту не рабілі: кажуць, зберагаюць яго дух, што толькі пахвальна. А вось лазеньку збудавалі, ды і яшчэ колькі хлеўчукоў. Тут без будоўлі ніяк: у атрубкаўскіх гаспадароў птаства не раўнуючы як на птушкафабрыцы. Па задняй частцы двара ў добрай згодзе дэфіліруюць гусі, індыкі, куры, качкі самых розных парод, колераў і памераў ад малечы да дарослых асобін. Як іх усіх можна пералічыць, каб упэўніцца, што за дзень ніхто не прапаў, загадка. Побач з гагочучым, кудахтаючым і кракаючым насельніцтвам месцяцца ў сваіх доміках трусы – іх таксама шмат, але вушастыя хаця б не мяняюць дыслакацыю. Ці трэба гаварыць, колькі клопатаў і кармоў уся гэта гвардыя патрабуе?

– А мы заўжды ўсё робім разам, – усміхаецца Наталля. – Так і весялей і, здаецца, хутчэй. Ды і ўвогуле нам удваіх добра ўжо амаль тры дзясяткі гадоў.

Наталля Уладзіміраўна магла б гэтага і не гаварыць: калі ў сям’і любоў і згода, гэта бачна з першага погляду. Няхай так будзе і далей: звіняць дзіцячыя галасы ў сонечным атрубкаўскім дамку, расце малады сад, вядзецца гаспадарка і жывуць шчасліва гаспадары.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *