С вопросами приобретения жилья, ремонта улиц, подключения к электроотоплению обратились жители Докшицкого района к депутату Палаты представителей
Набыццё жылля, рамонт вуліц, падключэнне да электраацяплення. З гэтымі пытаннямі звярнуліся жыхары раёна да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолія Сіўко падчас правядзення ім у райцэнтры асабістага прыёму грамадзян. Разам з Анатоліем Віктаравічам звароты выслухаў старшыня райвыканкама Сяргей Абірала.
На прыём прыйшла жыхарка Докшыц, шматдзетная маці, якая звярнулася наконт набыцця жылля ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2012 года № 13. Жанчыну заверылі, што яе жыллёвае пытанне, з якім яна ўжо звярталася раней і ў райвыканкам, і непасрэдна да дэпутата, знаходзіцца на кантролі. Прыйдзецца пачакаць, пакуль прапрацоўваецца пытанне з фінансаваннем, і пытанне будзе станоўча вырашана, паабяцаў Анатолій Сіўко.
Абаграваць свой дом з дапамогай электычнасці замест пячнога ацяплення жадае жыхарка вёскі Лапуты, але для гэтага неабходна правеці рэканструкцыю электрасетак.
Дырэктар філіяла “Глыбоцкія электрычныя сеткі” Алег Апяцёнак, які прысутнічаў на прыёме, адзначыў, што такіх зваротаў ад абанентаў шмат.
– Хутчэй за ўсё, праект па замене электрасетак будзе выкананы ў 2028 годзе, а іх рэканструкцыя – у 2029-м, – пракаменціраваў Алег Мар’янавіч. – Справа ў тым, што пакуль усе тэхнічныя рэзервы вычарпаны. Разам з тым прадпрыемствам праводзіцца каласальная работа ў гэтым кірунку. Напрыклад, зараз у Докшыцкім раёне рэканструкцыя электрасетак праводзіцца ў трох населеных пунктах – Валкалатах, Вітунічах і Замасточчы, ад насельніцтва якіх гады два таму паступалі такія ж звароты, як і сёння ад жыхаркі вёскі Лапуты.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў акцэнтаваў увагу на тым, што калі будзе магчымасць адкарэкціраваць тэрміны, то рэканструкцыя будзе праведзена раней. Афіцыйны адказ заяўніца атрымае ў наступным годзе.
З вёскі Мацееўцы ад яе жыхаркі паступіла просьба адрамантаваць вуліцу Сонечную.– Яе камунальная служба падсыпала, але пасля моцнага ліўню сітуацыя яшчэ больш пагоршылася, – запэўнівала жанчына.
Разабрацца з дарожным пытаннем даручана кіраўніцтву РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. А вось у рамонце заезду на гарадскі рынак з боку прыватнай аптэкі ў Докшыцах заяўніцы было адмоўлена. Ёй патлумачана, што гэта тэрыторыя, якая знаходзіцца ва ўласнасці Докшыцкага філіяла аблспажыўтаварыства, не з’яўляецца афіцыйным заездам. Падсыпка яе і разраўноўванне будзе праводзіцца па меры неабходнасці.
Жыхар аграгарадка Барсукі звярнуўся да дэпутата з просьбай адрамантаваць вуліцу Піянерскую ў населеным пункце.
– Уся яна ў ямінах і выбоінах, па абочыне – каляіна, – расказаў аб праблеме мужчына. – Пакрыццё да нягоднага стану прывяло тое, што па ёй рэгулярна рухаецца сельгастэхніка.
– Ямачны рамонт там, лічу, рабіць немэтазгодна. Неабходна перагледзець фінансаванне вулічна-дарожнай сеткі і на наступны год, па магчымасці, унесці ў графік вуліцу Піянерскую, а дакладней – заасфальтаваць яе, – рэзюмаваў у размове Сяргей Абірала.
Усе разгледжаныя пытанні былі ўважліва выслуханы дэпутатам, кіраўнікам адпаведных службаў дадзены даручэнні.
Пасля правядзення прыёму Анатолій Сіўко накіраваўся ў цэнтральную раённую бальніцу для правядзення сустрэчы з працоўным калектывам. Яе тэма – “Мы разам назаўсёды: да 85-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР”. У сустрэчы з медыцынскімі работнікамі прыняла ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна.
– Адзінства нашага народа не аднойчы праходзіла праверку на трываласць цяжкімі іспытамі. Таму сёння так важна памятаць пра тое, што кожны этап нашай гісторыі – неад’емны элемент трывалага падмурку, на якім мы закладваем сваю будучыню. Гарантам далейшага паступовага развіцця Рэспублікі Беларусь з’яўляецца наша абноўленая Канстытуцыя. У ёй дакладна вызначаны мадэль сучаснай беларускай дзяржавы, прынцыпы народаўладдзя. Свой шлях мы разам вызначаем на рэферэндумах і пасяджэннях Усебеларускага народнага сходу, – падкрэсліў напрыканцы сустрэчы Анатолій Віктаравіч.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.