Деревня Вилейка Докшицкого района была уничтожена в ходе карательной операции «Коттбус»

Изображение 1331с

Вясна 1943 года… Сакавіты росквіт прыроды і разлітае па наваколлі вёскі Вілейка сонечнае цяпло. Здаецца, радавацца б і радавацца жыццю, марыць і кахаць. Заўзята працаваць на роднай зямлі і з нецярпеннем чакаць новага ўраджаю. Але сяляне больш за ўсё на свеце чакалі Перамогі, бо побач сеялі смерць і разбурэнне нелюдзі ў чалавечым абліччы – фашысты. У час правядзення карнай аперацыі “Котбус” 22 – 23 мая 1943 года ў вёсцы Вілейка гітлераўцы не пашкадавалі ні старых, ні малых…

На Кургане Памяці

Вёска Вілейка была поўнасцю спалена. А перад гэтым усіх жыхароў, якія не паспелі схавацца, сагналі на сарціроўку. Людзі па чарзе выходзілі з натоўпу і называлі сваё прозвішча. Немцы звяралі яго па паперцы. Падазроных у дапамозе партызанам выводзілі асобна, у тым ліку дзяцей. Спачатку з дарослых здзекаваліся, а потым сагналі ўсіх у пуню і падпалілі. Уратавацца з вогнішча ўдалося толькі Мацвею Чэрнышу, які зрабіў падкоп пад сцяной, – вылез сам і выцягнуў аднаго хлопчыка…

У 1967 годзе вілейцы ў памяць пра загінуўшых аднавяскоўцаў насыпалі курган, на вяршыні якога паставілі абеліск.

А на мінулым тыдні на помніку ўрачыста адкрыта абноўленая таблічка з пералікам расстраляных і зажыва спаленых людзей. Яна дапоўнена імёнамі мірных жыхароў, устаноўленымі ў ходзе расследавання Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. Усяго цяпер у спісе 35 чалавек.

(Відэа з адкрыцця можна паглядзець тут)

У мерапрыемстве ўдзельнічалі пракурор раёна Ян Сасноўскі, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Наталля Хілько, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Тофік Дзямешка, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Гайчук, старшыня Бярозкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Таццяна Славікоўская, педагогі і вучні Бярозкаўскай базавай школы, мясцовыя жыхары.

– Мы сабраліся не для таго, каб проста адкрыць таблічку, – сказаў пракурор Ян Сасноўскі, звяртаючыся да прысутных. – Мы павінны захаваць памяць для будучых пакаленняў пра трагедыю Вялікай Айчыннай вайны, пра тых, хто аддаў жыццё дзеля мірнага неба над галавой.

Удзельнікі мітынгу хвілінай маўчання ўшанавалі памяць знішчаных землякоў і ўсклалі кветкі да Брацкай магілы…

Сапраўды, ні зімы, ні вёсны, ні жыццёвыя завірухі не могуць замесці сляды злачынстваў, здзейсненых фашыстамі. З намі боль мільёнаў ахвяр ваеннага ліхалецця.

Изображение 1309 Изображение 1308

Справа Катрука

– Вясной 2021 года Генпракуратура распачала маштабнае расследаванне генацыду беларускага народа ў Вялікую Айчынную вайну і пасляваенны час, – нагадаў Ян Сасноўскі. – Адным з прамежкавых вынікаў стаў пасмяротны прысуд па справе карніка Хатыні і іншых населеных пунктаў Уладзіміра Катрука (нарадзіўся ў 1921 годзе ва Украінскай ССР, памёр у 2015-м). Адкрытае судовае пасяджэнне прайшло сёлета ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь.
Ян Іванавіч пазнаёміў з дэталямі разгляду дадзенай крымінальнай справы, якія тычацца менавіта докшыцкай зямлі. Сярод пацярпелых вёсак – нашы Асавы і Вілейка, якія ў той час уваходзілі ў склад Бягомльскага раёна Мінскай вобласці.

…22 – 23 мая 1943 года Катрук разам з іншымі нацыстамі прыбылі ў в. Вілейка, дзе сагналі жыхароў у хлеў, замкнулі дзверы, пасля чаго закідалі пабудову гранатамі і падпалілі. Тых жа, хто спрабаваў выратавацца, расстралялі. Ахвярамі сталі састарэлы Фёдар Паўлавіч Гайчук, Алена Аляксееўна Завадская з дваімі малалетнімі дзецьмі, Лявон Арцёмавіч, Мікалай Арцёмавіч, Прузына Фамінічна і Таццяна Яфімаўна Зікрацкія з пяцярымі дзецьмі, чацвёра з якіх малалетнія, Вера Антонаўна Садко з малалетнімі Марфай і Зінай, малалетні Аляксей Чэрныш, цяжарная Ганна Фёдараўна Чэрныш з чацвярымі дзецьмі і іншыя.

Пры гэтым пад пагрозай забойства карнікі захапілі не менш як шэсць маладых людзей і накіравалі ў Германію на прымусовыя работы, выкралі іх маёмасць, спалілі 39 жылых дамоў і будынкаў.
…27 мая 1943 года Катрук прыехаў у в. Асавы, дзе ўчыніў падобнае злачынства.

Жорсткасць і бязлітаснасць украінскага карніка не паддаюцца разуменню. Так, ён жа 13 мая 1943 года ў в. Дальковічы Плешчаніцкага раёна забіваў партызан і мірных жыхароў. Пры гэтым фашысты выразалі зорку на грудзях у жанчыны, а мужчыну прывязалі да слупа і спалілі жывым.

У ліпені – жніўні таго ж года з вайскоўцамі батальёна СС О. Дзірлевангера і іншых фарміраванняў Катрук прыняў удзел у карнай акцыі “Герман”. Знаходзячыся ў Налібоцкай пушчы, злачынцы выявілі не меней як 50 жанчын, старых і дзяцей яўрэйскай нацыянальнасці, якія хаваліся ў зямлянках, і частку з іх расстралялі, а астатніх падарвалі гранатамі.

Віна Катрука ў інкрымінаваных злачынствах даказана.

Ліпавы хлеб і Перамога

Як змянілася жыццё вілейцаў з прыходам немцаў?

На акупацыйнай тэрыторыі фашысты ўстанавілі натуральныя падаткі. Яны складалі ў сярэднім па 3-4 цэнтнеры збожжа з гектара, 350 – 400 літраў малака ад адной каровы, 100 кілаграмаў мяса з аднаго сялянскага двара, 35 яек ад адной курыцы. Пазней быў уведзены “ваенны падатак”, які прадугледжваў павелічэнне норм. Яго памер залежаў ад таго, колькі патрабавалася акупантам для задавальнення сваіх патрэб. Акрамя гэтага, былі ўведзены розныя грашовыя падаткі.

Мірнае насельніцтва галадала. Адна з жыхарак успамінала: “Асноўнай ежай была бульба. Магло застацца крыху зерня. Вясной, калі толькі сыходзіў снег, хадзілі ў поле і збіралі астаткі бульбы. З яе рабілі “лапуны” – клёцкі. Перапрацоўвалі і гнілыя клубні. У найбольш цяжкія часы збіралі ліпавае лісце, высушвалі яго, пераціралі і рабілі хлеб. Дадавалі ў яго шчаўе”.

З незабыўнымі эмоцыямі ўспрынялі вяскоўцы вестку пра доўгачаканую Перамогу.

Жыхарка Вілейкі Марыя Добыш згадвала: “Я працавала на агародзе, калі пачула, як у ваколіцы крычаць дзеці: “Перамога!” Я разгубілася: а можа, падман? Усё ж кінула рыдлёўку і пабегла на вуліцу. Бачу: людзі абдымаюцца адзін з адным. Значыць, праўда! З вачэй паліліся слёзы шчасця. Усё скончылася…”

Аўтар выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула Таццяне Гайчук, галоўнаму спецыялісту аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама.

Многія жыхары в. Вілейка ваявалі на фронце, але дамоў вярнуліся не ўсе. Некаторых прымусова вывезлі ў Германію на цяжкія работы. У мясцовых краязнаўцаў захаваліся ўспаміны ўдзельнікаў і вязняў вайны.

Віктар Васільевіч Зорыч, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “За баявыя заслугі”:

“У верасні 1938 года я ўступіў у рады Савецкай Арміі. Там трапіў на курсы малодшых афіцэраў і пасля заканчэння быў накіраваны для далейшага праходжання службы ў якасці механіка па электраабсталяванні самалётаў.

22 чэрвеня 1941-га фашысты ўжо бамбілі Ціраспаль, дзе я праходзіў армейскую службу. Так для мяне пачалася вайна. І вось я – стралок-радыст 45-га авіяцыйнага хуткаснага палка бамбардзіроўшчыкаў.

Полк перакінулі ў Кіраваград. Аднойчы на аэрадром наляцела вялікая група варожых самалётаў. Адны салдаты кінуліся да сваіх крылатых машын, іншыя – да кулямётаў, каб адбіць ворага. Асабіста мне ўдалося падбіць нямецкі бамбардзіроўшчык. Але раптам побач з маім кулямётам разарвалася бомба. Выбухной хваляй мяне адкінула далёка ўбок.

Трапіў у шпіталь. Прабыў там болей за сем месяцаў і атрымаў групу інваліднасці. Мне сказалі: “Адваяваўся”. Вымушаны быў вярнуцца дадому, але і тут працягваў барацьбу з фашыстамі: быў сувязным, праводзіў, выводзіў партызан”.

Уладзімір Яхімавіч Зорыч:

“У Германію трапіў у 1942 годзе, калі мне было дванаццаць гадоў. Адразу нас, малых і старых, адправілі ў Чэхаславакію. Праз некалькі месяцаў перавезлі ў Галандыю. У нямецкім горадзе Бохум разам са старэйшымі працаваў у шахце: адвозіў вугаль у ваганетцы, пампаваў ваду. Калі разбамбілі шахту, нас вывезлі ў Гамбург, дзе я гнуў спіну да сканчэння вайны. Шмат аб’ездзіў турмаў, лагераў і бачыў адно: зняважлівыя адносіны да людзей і смерць. Ваенныя гады былі самымі пакутлівымі”.

Вольга Макараўна Лях:

“Аднойчы мы пачулі непадалёку стрэлы карнікаў і пабеглі ў лес. Фашысты дагналі нас, акружылі і пагналі ў Кромавіцкую канюшню. Малых і старых, босых і голых. Лямант стаяў страшэнны. Тых, хто хацеў уцячы, расстрэльвалі на месцы. Але раптам дзверы адчыніліся, і немцы пачалі адбіраць самых маладых., у тым ліку была і я. Астатніх падпалілі. Мы бачылі, як зажыва гінулі нашы блізкія.

Затым немцы, смеючыся і паказваючы пальцамі на канюшню, прымусілі нас капаць яму, разграбаць рукамі пажарышча, даставаць астанкі людзей і кідаць у дол.

Маладых павялі ў Плешчаніцы, адкуль на машынах павезлі ў Мінск. Там пагрузілі ў брудныя таварныя цягнікі, у якіх вазілі скаціну, па 250 чалавек у вагон. За ўвесь шлях ні разу не давалі есці, толькі на прыпынках дазвалялі піць з рэльсаў ваду.

У Германіі нас разабралі “баўэры”. Прыходзілася шмат працаваць. Я даіла ўручную сем кароў, пасля чаго мае рукі пакрывелі і засталіся такімі на ўсё жыццё”.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Видео с открытия https://www.tiktok.com/@belorusymy/video/7436354893331369271

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *