Выпускник СШ № 1 г. Докшицы, доктор физико-математических наук, профессор Валерий Соболь: «Физика всегда с нами»

Соболь-В.Р с

26 студзеня – Дзень беларускай навукі

Напярэдадні прафесійнага свята беларускіх навукоўцаў рэдакцыя правяла інтэрв’ю з ураджэнцам Докшыц Валерыем Собалем – загадчыкам кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі фізіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктарам фізіка-матэматычных навук, прафесарам.

– Валерый Раманавіч, раскажыце, як выбіралі прафесію.
– У першую чаргу пад уплывам бацькі – ён быў настаўнікам фізікі і матэматыкі нашай школы і галоўным аўтарытэтам у маім жыцці. Паступіць на фізічны факультэт было прэстыжна. Адчуваў, што гэта цікавая сфера дзейнасці, тым больш што прыкладам служылі і знакамітыя землякі-фізікі: акадэмік, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, у мінулым дырэктар Інстытута фізікі НАН Беларусі Павел Андрэевіч Апанасевіч з вёскі Стараселле Докшыцкага раёна, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР Віктар Сямёнавіч Буракоў з Ушаччыны. Хацелася пайсці па іх слядах.

Докшыцкая школа давала выдатныя веды, там працавалі высокакваліфікаваныя настаўнікі, з удзячнасцю ўспамінаю іх да гэтай пары.

Ва ўніверсітэце вучыўся па даследчым кірунку і пасля заканчэння атрымаў кваліфікацыю “фізік”, што дазволіла мне адразу трапіць на працу ў Акадэмію навук.

Даведка “РВ”. Валерый Раманавіч Собаль – выпускнік СШ № 1 г. Докшыцы. У 1976 годзе скончыў фізічны факультэт БДУ, пасля чаго да 2005 года працаваў у Акадэміі навук Беларусі. Педагагічнай дзейнасцю ў сталічных ВНУ пачаў займацца ў 1995 годзе па сумяшчальніцтве. З 2009 года – у БДПУ імя М. Танка. У 2013–2015 гадах быў дэканам факультэта. Аўтар больш за 120 навуковых работ.

– Якія навуковыя інтарэсы ў вучонага Собаля?
– Фундаментальныя і прыкладныя даследаванні электрычных, цеплавых, магнітных, трываласных уласцівасцей металаў і матэрыялаў. Навуковыя даследаванні па нізкатэмпературнай электрадынаміцы нармальных металаў і матэрыялаў. Зараз трохі займаюся оптыкай анізатропных асяроддзяў.

– Не шкадуеце, што выбралі навуку? Дзесьці, можа, істотна лягчэй…
– У любой галіне патрэбна імкнуцца да прафесіяналізму. Усякая работа заслугоўвае адказных адносін да яе, і тады затраты акупяцца ў сто разоў.

– Чым падабаецца педагогіка?
– Калі маеш зносіны з моладдзю, то гэта як выклік сабе. Студэнтам трэба паказаць, чым прыгожая фізіка. Гэта ж не абстрактная навука, а пра прыроду, чалавека, яна пастаянна з намі, таму маладыя душы трэба прывабіць да прадмета. Студэнты захапляюцца, калі ёсць яснае тлумачэнне тэм, пра што мы пастаянна ўзгадваем на выкладчыцкіх пасяджэннях.

– Як рыхтуецеся да заняткаў?
– Выкладчыкам трэба быць заўсёды ў трэндзе, таму шырока выкарыстоўваем не толькі класічныя рэсурсы падачы матэрыялу, але і сучасныя, якія грунтуюцца на інфармацыйных тэхналогіях. Магчымасцей для гэтага ва ўніверсітэце хапае.

– Вашы студэнты таксама займаюцца навуковай дзейнасцю?
– Так, пры падрыхтоўцы курсавых і дыпломных праектаў. Пры распрацоўцы метадаў выкладання фізікі, калі на нашай лабараторнай базе ствараюцца новыя дыдактычныя адзінкі – студэнты карыстаюцца імі падчас праходжання практыкі ў школах. Ставім пачынаючым навукоўцам мікразадачы, пра вынікі выканання якіх яны дакладваюць потым на разнастайных пасяджэннях і канферэнцыях. Такім чынам паступова ў іх фарміруюцца ўласныя партфоліа. Некаторыя студэнты пасля бакалаўрыяту паступаюць у магістратуру.

Наогул, навуковыя даследаванні цесна звязаны з працэсам навучання і з’яўляюцца абавязковай умовай высокай якасці падрыхтоўкі спецыялістаў.

– Як ацэньваеце ўзровень ведаў студэнтаў? Пэўна, раней ён быў вышэйшым?
– Узровень нармальны, але мог бы быць і лепшым. Цяперашніх патэнцыяльных абітурыентаў не моцна прыцягваюць перспектывы працаваць настаўнікам фізікі ў школе. І цяжка, і не той заробак, як, напрыклад, у IT-індустрыі. Каб затрымацца ў гэтай прафесіі, трэба вельмі любіць і прадмет, і дзейнасць, і дзяцей. Але найперш трэба мець прызванне.

–Як ацэньваеце школьную праграму па фізіцы?
– На выкладанне прадмета выдзяляецца дастаткова гадзін, але сама арганізацыя вучэбнага працэсу павінна пастаянна ўдасканальвацца. І падручнікі – з пункту гледжання даступнасці адлюстравання матэрыялу, лаканічнасці, дакладнасці. У сучасныя падручнікі, на мой погляд, трэба было б унесці некаторыя змяненні. Па жыцці ж усё павінна быць у развіцці.

– Ці можна дасягнуць поспехаў у навуцы толькі шляхам безупыннай працы, без асаблівага таленту?
– Тут патрэбна настойлівасць. Стараннасць. Не ўсім быць геніямі фізікі, як Ландау. Галоўнае – рашучасць пры асваенні новай справы, якая дазволіць праявіць свае здольнасці. Трэба, каб была навуковая школа, пэўны штуршок, і тады можна дасягнуць якіхсьці вынікаў. У Докшыцах ёсць і іншыя выпускнікі, якія абаранялі дысертацыі.

– Сумуеце па маленькай радзіме?
– Канечне, сумую. Там родная зямля. Колькі ў дзяцінстве, юнацтве было перажыванняў, надзей і чаканняў! Там бацькоўскі дом. Апусцелы, на вялікі жаль, але я ўсё роўна пры першай магчымасці еду туды. Імкнуся працягваць традыцыі, атрыманыя ў спадчыну. Але мы ўсё роўна не пераўзыдзем нашых бацькоў. Можна пераўзысці па пазіцыі, аднак па тых адносінах, якія яны да нас праяўлялі, немагчыма. Гэта трэба памятаць.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з адкрытых крыніц.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *