Начала действовать обновленная инструкция о порядке диспансеризации населения

IMG_5316

Ахова здароўя насельніцтва – адзін з галоўных дзяржаўных клопатаў. У гэтай сувязі вялікую ролю адыгрывае дыспансерызацыя, якая дапамагае папярэдзіць хваробу або выявіць яе на ранняй стадыі.

Сёлета ўступілі ў сілу абноўленыя інструкцыі аб парадку дыспансерызацыі дарослых і дзяцей. Пра гэта наша размова з загадчыкам паліклінікі Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы Валянцінай ВЕШТОРТ.

– Валянціна Мечыславаўна, якія змяненні адбыліся ў правядзенні дыспансерызацыі ў параўнанні з мінулым годам?
– Выключаны пералік захворванняў або станаў, якія падлягаюць медыцынскаму назіранню ў амбулаторных умовах, а таксама анкета выяўлення фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў і наступнае вызначэнне лабараторных і дыягнастычных даследаванняў. Уключана карта ацэнкі сімптомаў і прыкмет перадпухлінных і пухлінных захворванняў, удакладнены фармуліроўкі асобных пунктаў інструкцыі, пашыраны крытэрыі эфектыўнасці дыспансерызацыі.

У схему правядзення дыспансерызацыі дарослага насельніцтва дабаўлены агляд поласці рота зубным фельчарам ці ўрачом-спецыялістам стаматалагічнага профілю або ўрачом-отарыналарынголагам. Пашыраны пералік паказчыкаў біяхімічнага аналізу крыві (крэатынін, аланінамінатрансфераза (АЛТ), агульны халестэрын, трыгліцэрыды) і ўстаноўлена перыядычнасць даследавання. Таксама вызначана перыядычнасць правядзення агульнага аналізу крыві і мачы, глюкозы крыві, электракардыяграфіі.

IMG_5329

Скарэкціравана перыядычнасць наведвання жанчынамі аглядавага кабінета, забору біялагічнага матэрыялу з шыйкі маткі з мэтай ранняй дыягностыкі перадпухлінных і пухлінных захворванняў, мамаграфіі. Гінекалагічны агляд для жанчын узростам 18–39 гадоў праводзіцца адзін раз у тры гады, ад 40 гадоў і старэйшых – адзін раз у год. Мамаграфія – адзін раз у тры гады для жанчын 49–58 гадоў. А таксама перыядычнасць вызначэння прастатспецыфічнага антыгену: мужчыны 50–65 гадоў накіроўваюцца на даследаванне адзін раз у два гады. Удакладнена вызначэнне наяўнасці генатыпаў віруса папіломы чалавека пры правядзенні тэсціравання высокай канцэрагеннай рызыкі (14 генатыпаў).

– Нагадайце пра тэрміны, згодна з якімі патрэбна праходзіць дыспансерызацыю.
– Асобам ва ўзросце 18–39 гадоў – раз у тры гады на працягу аднаго працоўнага дня, ад 40 гадоў і за пяць гадоў да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту – раз у год. На працягу двух працоўных дзён адзін раз у год праводзіцца дыспансерызацыя асоб пенсіённага ўзросту, а таксама на працягу пяці гадоў да яго дасягнення.

– Алгарытм праходжання дыспансерызацыі ў Докшыцкай паліклініцы застаўся ранейшым?
– Па сутнасці, так. Дарослыя пацыенты звяртаюцца ў рэгістратуру і атрымліваюць талон у кабінет дыспансерызацыі № 203, дзе разам з медыцынскім работнікам запаўняюць карту ацэнкі сімптомаў і прыкмет перадпухлінных і пухлінных захворванняў. Там жа праводзяцца асноўныя даследаванні: вымярэнне росту, вагі, акружнасці таліі, разлік індэкса масы цела, вымярэнне ўнутрывочнага ціску. Далей пацыенты накіроўваюцца на даабследаванне ў іншыя кабінеты.

Як і ў мінулыя гады, вынікі аналізаў пацыент забірае ў кабінеце № 203 пасля 16.00, а затым наведвае ўрача агульнай практыкі згодна з нумарам талона, выдадзенага ў рэгістратуры.
Уся інфармацыя пра пацыентаў заносіцца ў электронную базу.

– І некалькі слоў пра дзіцячыя медагляды. 
– Дыспансерызацыя ажыццяўляецца пераважна ў месяц нараджэння непаўналетняга. Дзіця з законным прадстаўніком звяртаюцца ў кабінет дыспансерызацыі дзіцячай кансультацыі № 105, дзе праводзяцца асноўныя даследаванні. Потым на чарзе іншыя неабходныя кабінеты.

Карыстаючыся выпадкам, звярнуся да жыхароў раёна: памятайце, што самае дарагое – гэта здароўе, ад якога залежаць якасць і даўжыня жыцця. Медыцынскія агляды нададуць вам упэўненасці ў сваёй будучыні, а ў выпадку выяўлення захворвання дапамогуць справіцца з ім у больш кароткі тэрмін.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *