Верность народным традициям хранят в семье Надежды Гаврилович из деревни Янки
Свой 80-ы юбілей адзначае гэтымі студзеньскімі днямі Надзея Піліпаўна Гаўрыловіч з вёскі Янкі. Якраз напярэдадні Каляд – самага цудоўнага зімовага свята. Да яго па даўняй беларускай традыцыі маці дзвюх дачок, бабуля сямі ўнукаў і васьмі праўнукаў рыхтавалася загадзя. Кожны пакойчык прасторнай вясковай хаты ўпрыгожыла маляўнічымі вышыванкамі. Некаторыя з іх вырабляла яшчэ яе бабуля.
– Каляды заўсёды вельмі чакалі, – гаворыць імянінніца, – чысцілі, прыбіралі ў хаце, цеплілі лазню, а вечарам 6 студзеня елі бедную куццю. Пад абрус клалі сена. А на стале абавязкова павінны былі быць каша з круп, аўсяны кісель, селядцы. Сёмага раненька, дакладней, нават ноччу, ехалі ў царкву. Той, хто з сям’і заставаўся дома, рыхтаваў святочны стол, на якім абавязкова была каўбаса. Як на Вялікдзень трэба разагавецца яйкам, так на Каляды – каўбасой. Свята працягвалася чатыры дні, у якія выконвалі толькі самую неабходную работу. У першы дзень Каляд на заканчэнні танцаў, а гэта звычайна было пад раніцу, “жанілі Цярэшку”. Гэтыя старадаўнія традыцыі падтрымліваюць і дачушкі. Тым больш што яны абедзве працуюць у культуры. Старэйшая, Марына, ужо больш за трыццаць гадоў. Пачынала ў Бярозкаўскім СДК. Зараз жа з’яўляецца кіраўніком народнага калектыву нацыянальнай кухні, фальклору і гульні “Расіца” Бігосаўскага СДК Верхнядзвінскага раёна. Вольга таксама збірае і захоўвае традыцыі, працуе метадыстам Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Докшыцкага раёна, а таксама ў народным клубе нацыянальнай кухні і гульні “Шчадроўка”.
Прафесія культработніка ў Марыны і Вольгі – сямейная. Іх дзед Васіль Мікалаевіч быў адмысловым скрыпачом. Выдатна іграў на баяне і бацька Міхаіл Васільевіч. Нават некаторы час загадваў мясцовым клубам.
Надзея Піліпаўна родам з Ушацкага раёна. У 1975 годзе прыехала ў Докшыцкі раён у камандзіроўку на льнапункт. Галасістую прыгажуню-спявачку адразу запрыкмеціў Міхаіл. Калі той трэба было ўжо ад’язджаць дадому, прапанаваў падвезці да аўтобуса, а сам адвёз у ЗАГС.
Агульнае захапленне творчасцю дало свае карані. Музычную сям’ю Гаўрыловічаў і сёння добра памятаюць у наваколлі. На жаль, у 2015 годзе Міхаіла Васільевіча не стала. Сёлета сужэнцы адзначылі б свой залаты юбілей. Але, як гаворыць Надзея Піліпаўна, жыццё працягваецца. Ва ўнуках і праўнуках. У песнях, традыцыях, абрадах, якія так беражліва захоўваюць Гаўрыловічы.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.