Собственная формула успеха есть у оператора машинного доения ОАО «Барсучанка»

IMG_8997

Аператар машыннага даення МТФ “Масловічы” ААТ “Барсучанка” Іна Ярохіна ў гаспадарцы даўно ўжо ў ліку лепшых работнікаў. Вельмі сціплая, нешматслоўная, да абавязкаў сваіх адносіцца адказна, а да падапечных рагуль – з любоўю. Гэта і ёсць складальнікі яе поспеху ў працы.

– Стараюся трымаць руку на пульсе, – гаворыць Іна Андрэеўна. – На чыпы з нумарамі, па праўдзе, не звяртаю ўвагі. Па-ранейшаму даю кароўкам мянушкі, ведаю кожную па знешнім выглядзе, памятаю звычкі і асаблівасці. Яны ўсё разумеюць, бачаць і адчуваюць мой настрой. Некаторыя вельмі ласкавыя, цягнуцца да цябе, заглядваюць у вочы, чакаюць, што пагладзіш, скажаш добрае слова. З некаторымі варта быць стражэйшай – усё так, як і ў нашым асяроддзі. Імкнуся адследжваць любыя змены ў самаадчуванні жывёлы і, калі нешта выклікае сумненні ці трывогу, адразу паведамляю ветурачу. Толькі ад здаровай жывёліны можна чакаць добрых надояў.

Па спецыяльнасці Іна Ярохіна маляр-тынкоўшчык. Навыкі ў гэтай прафесіі, зусім не лішнія ў жыцці, мае, а вось працаваць на будоўлі так і не стала. На ферме ўсё жыццё рупілася яе мама Вера Іванаўна, там жа працуе сястра Святлана, муж Уладзімір Анатольевіч таксама жывёлавод. І яна занялася справай, перададзенай “па спадчыне”: усё дзяцінства праводзіла на ферме побач з мамай, прызвычаілася да нялёгкай працы і своеасаблівага распарадку дня. Кажа, за доўгія гады арганізм прыстасаваўся да ранняга пад’ёму і позняга адыходу да сну, функцыянуе належным чынам.

Пачынала Іна Андрэеўна ў 1994 годзе. Давялося працаваць на фермах “Порплішча”, “Лапліна”. Быў перыяд, што і на свінаферме рупілася, аднак прызнаецца, што быць аператарам машыннага даення ёй больш даспадобы.

Лічыць, што асноўныя фактары, ад якіх залежыць надой, – правільнае кармленне, належны догляд і ласка. Фармулюецца проста, а за гэтымі словамі – вялікая праца, штодзённая, без свят і выхадных. У жывёлагадоўлі інакш быць не можа.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *