Жизнь даётся для радости, уверена докшичанка Леонида Махонь, которой недавно исполнилось 90 лет
Докшичанка Леонида Махонь, одна из старейших посетительниц отделения дневного пребывания для граждан пожилого возраста ТЦСОН, совсем недавно отметила свое 90-летие. Юбилей женщине запомнился теплыми поздравлениями не только родных и близких, но и друзей из отделения. А еще он стал примечательным благодаря участию в фестивале “Таланты золотого поколения”, где председатель районного Совета депутатов Валентина Рандаревич вручила ей благодарность и подарок от районной организации Белорусского союза женщин. И это еще не все: долгожительницей заинтересовались журналисты телеканала ОНТ, и Леонида Степановна стала героиней программы «Как посмотреть».
Напярэдадні светлага восеньскага свята – Дня пажылых людзей – сустрэліся з Леанідай Сцяпанаўнай у яе ўтульнай кватэры на вуліцы Школьнай. Наша шматгадовая падпісчыца прыязна пагадзілася распавесці пра сваё жыццё – як-ніяк амаль век за плячыма жанчыны, што насуперак усім нягодам не развучылася бачыць свет у яркіх фарбах і цаніць кожны дзень.
– Жыццё маё пачалося, як даўней людзі казалі, пры Польшчы, – з усмешкай пачынае аповед наша гераіня. – На маёй маленькай радзіме, у вёсцы Янкі, ніхто ўжо, бадай, не памятае тыя часы, ды і сама я не памятаю, бо ў 1939 годзе, калі Заходняя Беларусь аб’ядналася з Усходняй, было мне чатыры гады. Але добра захаваліся ў маёй памяці расказы мамы, цёткі, аднавяскоўцаў пра тое, як наймаліся на работу да пана Міхалевіча, што жыў там, дзе зараз школа. Жанчыны жалі, дапамагалі даглядаць скаціну, працавалі на кухні, палолі агароды, мужчыны касілі, аралі, нарыхтоўвалі дровы. Нейкіх негатыўных успамінаў пра пана не памятаю, а далейшы яго лёс нікому не вядомы.
Вайна ў яе дзіцячых успамінах таксама не адбілася жахам – згадвае калоны нямецкіх машын, што стаялі ўздоўж янкоўскай вуліцы, жыццё ў суседзяў, бо ў іх прасторным доме размясціўся ці не дзясятак гітлераўцаў. Страху, кажа, не было, бо ў Янках немцы не лютавалі. Тым не менш вайна прынесла ў яе жыццё першы вялікі боль: тата з яе не вярнуўся. Наступны ўдар – у 1946-м памірае мама, адзінаццацігадовая Ліля (так яе ўсе звалі і завуць, хоць у пашпарце запісана Леанідай) застаецца адна. Ад непажаданай нікому перспектывы аказацца ў дзіцячым доме яе выратоўваюць бацькава сястра Ксенія Фёдараўна і яе муж Максім Паўлавіч Сіўко.
– Так я ў сваім жыцці займела дзвюх мам і двух тат, – у вачах суразмоўцы блішчаць слёзы. – Вырасцілі мяне, вывучылі, замуж аддалі, любячымі і любімымі бабуляй з дзядулем у маіх дзяцей былі да скону.
Сямейнае жыццё ў Лілі-Леаніды шчасліва склалася. Яе каханы Валодзя быў дастойным чалавекам, сапраўдным галавой сям’і, блізкім ёй па духу. А яшчэ ён быў ваенным, і Леаніда Сцяпанаўна не па чутках ведае, што такое выйсці замуж за лейтэнанта і паматляцца за ім па свеце. Жылі ў розных месцах у Германіі – там нарадзіўся іх старэйшы сын, у Казахстане – гэта ўжо радзіма малодшага. Калі вярнуліся ў Беларусь ў 1964 годзе, не асталяваліся ў сталіцы ці адным з абласных гарадоў, хаця магчымасць такая была, – толькі дадому імкнуліся, на родную Докшыччыну. Уладзімір Мікалаевіч працаваў у райвыканкаме, а Леаніда Сцяпанаўна ўладкавалася ў прадстаўніцтва Дзяржстраха, закончыла Полацкі эканамічны тэхнікум і сумленна рупілася на адным месцы на пасадах інспектара і эканаміста аж да выхаду на заслужаны адпачынак. З любоўю ўспамінае сваіх калег і са светлай настальгіяй – той шчаслівы для яе час.
Яе дарагі Валодзя пайшоў з жыцця дваццаць гадоў таму. Справіцца з болем і пустэчай, што ўтварылася ў душы, дапамагло тое, што яна не замкнулася ў сваім горы, не адгарадзілася ад людзей. Адкрытая, шчырая, добразычлівая, яна проста выпраменьвае цеплыню, а з такімі людзьмі заўсёды хочацца быць побач. Вось і ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту яна даўным-даўно свая, родная. Праўда, тры гады таму прыпыніла гэту сваю дзейнасць, бо неба паслала ёй яшчэ адно выпрабаванне, цяжэйшага за якое для маці няма: пахавала старэйшага сына. Выстаяць дапамаглі яе родныя, а Леаніда Сцяпанаўна мае, акрамя сына і нявестак, трох унукаў і дваіх праўнукаў (ёсць надзея, кажа, прапрабабуляй стаць, бо праўнучка ўжо ўніверсітэт закончыла), а таксама верная сяброўка Валянціна Мікалаеўна Онухава, якую лічыць літаральна сваёй сястрой.
– Віншавалі мяне сябры з юбілеем і ўгаворвалі, што досыць ужо мне весці пустэльніцкі лад жыцця, – дзеліцца суразмоўца. – Дык першага кастрычніка і пайду на свята ў аддзяленне. Сыночак мяне за гэта не асудзіць, а жыццё ж нам даецца ўсё-такі для радасці, праўда?
Менавіта так, і няхай яе ў вас, Леаніда Сцяпанаўна, будзе як мага больш.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара .