Паспортно-визовая служба в Докшицком районе прошла долгий путь своего становления
Сегодня, 17 декабря, исполняется 105 лет со дня образования подразделений по гражданству и миграции органов внутренних дел Республики Беларусь. Многие люди, особенно старшего возраста, эту службу еще называют «паспортным столом», хотя функции и задачи ее давно значительно расширились.
Пашпартна-візавая служба ў Докшыцкім раёне прайшла доўгі шлях свайго станаўлення. У розныя гады яе ўзначальвалі Анатолій Міхалевіч, Таццяна Салаўёва. Важкі ўклад у развіццё падраздзялення ўнеслі ветэраны. Шмат гадоў прысвяціла службе і вытрымала дзве хвалі пашпартызацыі насельніцтва Ганна Гамановіч. Адказна ставіліся да сваіх прафесійных абавязкаў Алена Ставер, Алена Шупенька, Юлія Таляронак. Зараз у групе па грамадзянстве і міграцыі райадддзела міліцыі працуюць вядучы спецыяліст па рэгістры насельніцтва Людміла Гаўрыловіч і спецыяліст Вераніка Мадзяла. З 2013 года невялікі калектыў узначальвае старшы інспектар маёр міліцыі Ганна Ліпніцкая.
– Мы выконваем не адзін дзясятак адміністрацыйных працэдур, – расказвае Ганна Уладзіміраўна. – Гэта, напрыклад, выдача пашпартоў і дазволаў на часовае альбо пастаяннае пражыванне. У тым ліку афармляем дакументы для атрымання грамадзянства і многае іншае.
Адна з важнейшых функцый – рэгістр насельніцтва нашай краіны, які ўяўляе сабой базу персанальных даных грамадзян Рэспублікі Беларусь. У ёй аб’яднаны практычна ўсе аспекты жыцця.
Што тычыцца афармлення пашпартоў, то гэту працэдуру мы можам зрабіць не толькі ў звычайным і паскораным рэжымах, а пры неабходнасці і на працягу трох – пяці дзён, і нават на працягу сутак. Такія паслугі, нягледзячы на значна вышэйшы кошт, карыстаюцца попытам у насельніцтва. Адзначу, што мы ідзём у нагу з часам, і многія адміністрацыйныя працэдуры зараз можна ажыццяўляць аддалена, праз дзяржаўны партал электронных паслуг.
Важнымі задачамі падраздзялення з’яўляюцца супрацьдзеянне гандлю людзьмі і незаконнай міграцыі. Спецыялісты сочаць за тым, як і куды выязджаюць нашы грамадзяне, а таксама як захоўваюць правілы знаходжання на тэрыторыі нашай краіны замежнікі, арганізоўваюць высылку і дэпартацыю тых, хто іх парушае.
– Ганна Уладзіміраўна, літаральна нядаўна былі ўведзены біяметрычныя дакументы, і ў сувязі з гэтым у беларусаў з’явілася шмат пытанняў. Патлумачце, што сабой уяўляюць такія дакументы?
– Ёсць два біяметрычныя дакументы: ID-карты і біяметрычныя пашпарты, якія выдаюцца з верасня 2021 года. ID-карта – гэта аналаг пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь альбо віда на жыхарства для замежніка, які пастаянна пражывае на тэрыторыі нашай краіны. Знешне яна падобная на вадзіцельскае пасведчанне з пералікам персанальных даных, фотаздымкам і чыпам, дзе захоўваюцца адбіткі двух пальцаў уладальніка. Яшчэ адна асаблівасць такой карты – наяўнасць асабістага электроннага лічбавага подпісу, які дае магчымасць ажыццяўляць розныя адміністрацыйныя працэдуры ў дзяржаўных органах не выходзячы з дома. ID-картай можна карыстацца толькі ў Беларусі. Для выезду за мяжу грамадзянін павінен атрымаць біяметрычны пашпарт, які валодае больш высокай ступенню абароны ад падробкі і дазваляе карыстацца электроннымі варотамі ў некаторых аэрапортах. Атрымаць такі пашпарт можна ў любым узросце, і нават не абавязкова чакаць завяршэння тэрміну дзеяння папяровага дакумента.
– Што парэкамендуеце тым, хто выязджае за мяжу, напрыклад, на адпачынак?
– Галоўнае, каб у грамадзяніна быў дзеючы пашпарт без якіхсьці памарак, паколькі ў адваротным выпадку дакумент будзе лічыцца несапраўдным і пры перасячэнні мяжы могуць узнікнуць пытанні, аж да таго, што грамадзяніна могуць не прапусціць. У выпадку з біяметрычнымі дакументамі, калі едзеце з дзіцем, таксама неабходна з сабой браць пасведчанне аб нараджэнні.
У любой сітуацыі супрацоўнікі падраздзялення стараюцца пайсці насустрач беларусам і замежным грамадзянам, дапамагчы, падказаць і накіраваць. Мы нацэлены на работу з насельніцтвам, каб у выніку кожны, хто да нас звярнуўся, застаўся задаволены.
Дзякую калегам за работу, за той неацэнны ўклад, які кожны ўнёс у развіццё падраздзялення. Жадаю здароўя і дабрабыту, а таксама поспехаў у службовай дзейнасці.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

