Волейбол, теннис, плавание, аквааэробика, пилатес и фитнес… Всё больше докшичан выбирает активный отдых

Фітнес у Докшыцкай ДЮСШ.

Фітнес у Докшыцкай ДЮСШ.

Статыстыка сведчыць, што больш за 70 працэнтаў захворванняў можна папярэдзіць, калі прытрымлівацца здаровага ладу жыцця. І гэта не проста лічбы, а падстава для роздуму: кожны ў сіле змяніць сябе да лепшага.

У нашым раёне, як і ў краіне ў цэлым, пытанням спорту і ўмацавання здароўя надаецца вялікая ўвага. Мяркуйце самі. У рэгіёне функцыянуюць 83 спартыўныя аб’екты, а гэта 15 спартыўных залаў, басейны ў ФСК “Ураджай”, а таксама ў санаторыях “Баравое” і “Лясное”, 32 стадыёны, валейбольныя і футбольныя пляцоўкі і інш. На прадпрыемствах створана каля 20-і фізкультурных, спартыўных клубаў і секцый. За год ФСК “Ураджай” было праведзена 37 раённых спаборніцтваў, удзельнікамі якіх стала каля
1500 спартсменаў-аматараў. Паспяхова дзейнічае дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, выхаванцы якой штогод праслаўляюць Докшыччыну на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах.

У свой вольны час усё больш дакшычан выбірае актыўны адпачынак. Веласіпедныя прагулкі, прабежкі, футбол, валейбол, настольны тэніс, плаванне – дэфіцыту ў выбары няма. Аншлагі бываюць у трэнажорных залах, а таксама на занятках па аквааэробіцы і пілатэсе ў ФСК “Ураджай”.

Вялікай папулярнасцю карыстаюцца фітнес-трэніроўкі ў Докшыцкай ДЮСШ, якія вядзе Арцём Кучыц. У спартыўнай школе Арцём Аляксандравіч вось ужо пяць гадоў з’яўляецца трэнерам па лёгкай атлетыцы. Столькі ж часу збірае групы ахвотных, пераважна дзяўчат, для падтрымкі іх фізічнай формы.

– На сённяшні дзень працую з шасцю групамі, – гаворыць малады трэнер. – Ёсць сярод дзяўчат тыя, хто прыходзіць на трэніроўкі з першых заняткаў. Некаторыя захапляюцца фітнесам час ад часу – каб навесці фігуру, напрыклад, да лета. Фітнес, сапраўды, адзін з лепшых спосабаў трымаць сябе ў форме, бо рэгулярныя заняткі ўмацоўваюць мышцы і сэрца, паскараюць метабалізм, дапамагаюць кантраляваць вагу, зніжаюць стрэс і рызыку хранічных захворванняў. Да таго ж паляпшаюць настрой, сон і стан скуры. Сустракаемся з дзяўчатамі ў спартыўнай зале Докшыцкай ДЮСШ – месца хапае і для размінкі, і для асноўнай праграмы заняткаў, якую пастаянна абнаўляю і стараюся разнастаіць. У ёй пазменна праводзім кардыё-трэніроўкі і сілавыя практыкаванні.

– Для мяне фітнес – гэта антыстрэс. А яшчэ самадысцыпліна і работа, – дзеліцца ўражаннямі Алена Падалец, якая наведвае заняткі з пачатку іх адкрыцця. – А ў гонар Арцёма Аляксандравіча, упэўнена, кожная з дзяўчат гатовая спяваць дыфірамбы. Выхаваны, інтэлігентны, уважлівы, зацікаўлены. Мы розныя, але ён да кожнага знаходзіць індывідуальны падыход.

– Прыйшла на заняткі напрыканцы 2020 года і больш не ўяўляю свайго жыцця без фізічнай нагрузкі, – гаворыць Вераніка Лупіновіч. – Спорт дае сілу і энергію. Лічу, што хатнія трэніроўкі, вядома, карысныя, гэта лепш, чым нічога. Але дома не бачыш сябе збоку. Якраз-такі трэнер карэктуе ўсе недахопы. Для мяне Арцём Аляксандравіч ідэальны трэнер, які прадумвае кожную трэніроўку, заўсёды ветлівы, тактоўна ўказвае на памылкі, якасна і прафесійна падыходзіць да выканання сваёй работы.

Танцавальная аэробіка ў ФСК "Ураджай".

Танцавальная аэробіка ў ФСК «Ураджай».

У ФСК “Ураджай” знайшла сваіх прыхільнікаў навінка гэтага года – танцавальная аэробіка. Заняткі праводзіць інструктар-метадыст Ганна Літвінава, для якой быць трэнерам справа звыклая. Дакшычане павінны памятаць яркія выступленні яе выхаванцаў з аб’яднання па лаціна-амерыканскіх танцах, якія часта запрашаліся паўдзельнічаць у мерапрыемствах раённага ўзроўню. Вось і цяпер дзяўчаты, якія займаюцца ў групах па танцавальнай аэробіцы, дэманстравалі свае навыкі на адкрыцці Кубка дзвюх рэк у межах фестывалю “Дзве ракі”, а таксама раённай спартакіяды кіраўнікоў.

Ёсць магчымасць падтрымаць фізічную актыўнасць і ў жыхароў аграгарадка Крулеўшчына. Тут на базе дзіцячай школы мастацтваў амаль дзесяць гадоў дзейнічае студыя спартыўнага танца. У комплексе практыкаванняў, якія распрацавала харэограф Вольга Навіцкая, усяго патроху: і фітнесу, і пілатэсу, і аэробікі. А ў цэлым – добрая зарадка і разрадка для аматараў здаровага ладу жыцця любога ўзросту.

аам

Студыя спартыўнага танца Крулеўшчынскай ДШМ.

З 1 снежня гэтага года пачаліся заняткі па фітнесе “ЭнергаФіт” у Бягомльскай ДШМ. Два разы на тыдзень ахвотных трэніруе медсястра Бягомльскага дзіцячага сада Анастасія Батура, якая ў юнацтве была выхаванкай заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь Івана Рацькавіча. Дарэчы, Насця – валанцёр выязднога клуба “Настальгія” аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН, для наведвальнікаў якога яна праводзіць заняткі па аздараўленчай праграме “Фітнес для пажылых” у межах Нацыянальнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь “Актыўнае даўгалецце-2030”.

– Вельмі часта, асабліва жанчыны, пачынаюць заняткі спортам для таго, каб атрымаць патрэбную форму ці пахудзець, – гаворыць Анастасія, – Але канкрэтнага выніку можна дабіцца толькі ў комплексе з правільным харчаваннем і іншымі складальнікамі. Заняткі фізкультурай патрэбны не для фігуры, а для здароўя.

Як сцвярджае народная мудрасць, лепш бегаць, пакуль здаровы, а не тады, калі захварэеш. З ёй цяжка не пагадзіцца.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *