Рыбак над лункой, жилет рядом… Работники Докшицкого РОЧС провели профилактический рейд
Зіма, маразы, а гэта значыць, што на вадаёмы паспяшаліся рыбакі за здабычай доўгачаканага ўлову. У сувязі з гэтым выратавальнікі ўзмацнілі кантроль і праводзяць прафілактычныя рэйды, каб знізіць колькасць няшчасных выпадкаў на вадаёмах. У адным з іх пабывала і карэспандэнт “РВ”.
Накіроўваемся да возера ў раёне вёскі Ваўча. Пакуль едзем, старшыня раённай арганізацыі “Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах” Ігар Рагулька гаворыць, што першы лёд – гэта сапраўдная спакуса для аматараў зімовай рыбалкі.
– Зараз, нягледзячы на тое, што ўсталявалася марознае надвор’е, лёд на азёрах і рэках недастаткова трывалы, – тлумачыць Ігар Іванавіч. – Днямі мы замералі яго. У адным месцы таўшчыня пакрыцця складае сем сантыметраў, у іншых – толькі тры-чатыры. Такія паказчыкі не могуць быць гарантам бяспекі. Не трэба таксама забываць пра тое, што на вадаёмах ёсць участкі з падводным цячэннем.
Пад’язджаем да вадаёма і бачым, што ён “усыпаны” рыбакамі. Старшы пажарны інжынер райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Палачанін накіроўваецца да аднаго з рыбакоў, у якога адсутнічае на целе экіпіроўка.
– Чаму знаходзіцеся на вадаёме без выратавальнай камізэлькі? – пытаецца ён у рыбака.
– А навошта? Тут лёд надзейны, я не першы год рыбачу. А камізэлька – вось, побач ляжыць, – адказвае мужчына.
– Вы абавязкова павінны апрануць яе на сябе, – настойліва раіць выратавальнік. – Інакш мы вымушаны будзем прыняць меры.
Рыбак моршчыцца і неахвотна апранае ярка-аранжавы атрыбут.
– Ячшэ не перашкодзіць мець з сабой дадатковыя сродкі для выратавання, – звяртае ўвагу Дзмітрый Палачанін. – Гэта ў першую чаргу лядовы штыр, якім можна зачапіцца за лёд, калі праваліцеся. Вяроўка таксама не будзе лішняй.
На возеры ў Бягомлі, якое знаходзіцца побач з могілкамі, заўзятараў рыбалкі было менш. Выратавальнікаў парадавала, што ўсе яны экіпіраваныя, а значыць цвёрда ведаюць правілы, якія трэба захоўваць, знаходзячыся на лёдзе.
Наступны прыпынак удзельнікаў рэйду – вадаём у аграгарадку Барсукі. Там таксама было нешматлюдна. Назіраем, як адзін рыбак заўважае нас і спяшаецца пакінуць месца каля лункі.
– Чаму выйшлі на лёд і не ўзялі з сабой ніводнага сродку выратавання? – пытаецца супрацоўнік МНС.
– Забыўся дома, – вінавата адказвае той.
– У Беларусі з пачатку новага года патанулі два чалавекі, – уводзяць у курс выратавальнікі. – Трагедыя адбылася другога студзеня ў Кобрыне. Двух маладых хлопцаў дасталі з вады у 15 метрах ад берага. Прычым выратавальных камізэлек на іх не было.
Рыбак паабяцаў, што пойдзе дадому і вернецца на вадаём ва ўсёй экіпіроўцы. На возеры Вешняе, куды далей адправілася рэйдавая група, таксама лавілі рыбу. Усе заўзятары лоўлі правіл знаходжання на лёдзе не парушалі.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

