Сергей и Елена Смашные из деревни Парафьяново создали в своей семье особенный климат
Вядомае выказванне пра тое, што ўсе няшчасныя сем’і няшчасныя па-свойму, а ўсе шчаслівыя – шчаслівыя аднолькава, маючы багаты вопыт сустрэч менавіта са шчаслівымі, магу аспрэчыць. Кожны чалавек – цэлы сусвет, адметны і непаўторны, а значыць і злучэнне двух такіх “сусветаў” усё ж такі стварае асаблівы сямейны клімат. У Алены і Сяргея Смашных з вёскі Параф’янава ён – хай даруюць мне псіхолагі за новаўведзенае паняцце – субтрапічны. Ужо праз некалькі хвілін знаёмства расплавілася душэўна ад цеплыні зносін, якой, здаецца, нават пранізана паветра іх утульнага дома.
Наша сустрэча адбылася ў дзень нараджэння галавы сям’і Сяргея Пятровіча – рабочага па комплексным рамонце і абслугоўванні будынкаў і збудаванняў ААТ “Таргуны”. Большасць дамачадцаў, а іх, як жартуюць, па стандарце сямёра, заспелі. Знаёмімся: мама Лена-Алёна – так яе называюць па-рознаму – у мінулым загадчык сеткавай крамы “Тры цаны” ў Докшыцах, зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзесяцімесячнай Міланкі. Не нашмат старэйшы за сястрычку двухгадовы Міраслаў адсутнічаў: ён ужо наведвае дзіцячы садзік, бо бацькі перакананы ў тым, што дзеці павінны рана прывучацца да самастойнасці і як мага раней сацыялізавацца. У пятнаццацігадовага Улада, які вучыцца на газаэлектразваршчыка, якраз былі канікулы. У вясёлай святочнай мітусні ён быў заняты адказнай справай – пёк бліны на дражджах, ужо цэлая гара вырасла пад яго спрытнымі рукамі. Самы старэйшы, Аляксандр, што пачаў нядаўна свой працоўны шлях інспектарам АДАІ РАУС, таксама, хоць і мае магчымасць жыць у Докшыцах, як толькі выпадае магчымасць, едзе дадому. Радзей наведваецца Ангеліна – яна студэнтка, але з роднымі пастаянна на сувязі.
У Алены і Сяргея гэта другі шлюб. За плячыма ў абаіх – горыч і расчараванне ад першага. Пра гэта не сталі гаварыць. Навошта варушыць тое ўчора, калі ёсць такое цудоўнае сёння? Яны пазнаёміліся ў сацсетках восем з лішнім гадоў таму, калі Сяргей яшчэ жыў у родным Лагойскім раёне, а Лена працавала ў Маскве. Адправілася туды, бо трэба было падымаць траіх дзяцей, а дапамогі ад мужа, з якім рашуча разарвала адносіны, не было ад слова “зусім”. Дапамогай стала мама, пра якую жанчына не можа гаварыць без слёз: менавіта на яе пакінула сваіх крывінак, каб займець магчымасць зарабляць грошы на іх патрэбы, а таксама каб набыць сваё ўласнае жыллё. Баец па жыцці – звычайна так характарызуюць падобных людзей, і Лена сапраўды баец. Масква, як ведаем, слязам не верыць і пакараецца не ўсім. А яна пакарыла і мэты сваёй дасягнула: кватэра ў райцэнтры ёсць! Ды што тая кватэра для дзвюх дзейсных натур? На сямейным савеце вырашылі: перасяляемся ў вёску.
Купілі ў Параф’янаве дыхтоўны дом з усімі гаспадарчымі пабудовамі. За дапамогу ў вырашэнні пытання з набыццём жылля бязмерна ўдзячныя старшыні райвыканкама Сяргею Абіралу і дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Анатолію Сіўко. Тут жа завялі процьму жыўнасці: дзясятак свіней, хмару птаства – курэй, качак, гусей, пасадзілі агарод (каб на стале ўсё было сваё, экалагічна чыстае!), добраўпарадкавалі немалы ўчастак. Жывуць тут год, і за гэты час Сяргей Пятровіч уласнымі сіламі па выхадных, вечарамі і начамі зрабіў рамонт.
– Ведаеце, у нас працяглы час не было агульных дзяцей, – дзеліцца Лена. – І мы ўжо змірыліся, тым больш што мае дзеці прынялі Сярожу вельмі хутка, не проста завуць, але і лічаць сваім татам (каб і не казала, бачна – Аўт.). А затым вось такая радасць: сынок і дачушка. Жартуем, што Гасподзь паслаў нам дзве смс-кі: менавіта СМС – першыя літары прозвішча, імён і імён па бацьку нашых малышоў.
Якія яны яшчэ, людзі са смачным прозвішчам Смашныя? Шчырыя і адкрытыя, гасцінныя, вельмі дружныя, гіперпрацавітыя, ініцыятыўныя і дзейсныя. Сёлета маладыя гаспадары ўпершыню прынялі ўдзел у конкурсе навагодняй ілюмінацыі – іх стараннямі двор ператварыўся ў чароўную казку, бо не проста быў упрыгожаны гірляндамі, а для іх Сяргей зрабіў яшчэ і садовыя кампазіцыі, аркі. У іх увогуле столькі планаў і задум – паўдня можна расказваць, смяецца гаспадар. І яны расказваюць з агеньчыкамі ў вачах, а адзін пра аднаго – з цеплынёй і любоўю. Верыцца, што ўсё-ўсё атрымаецца, бо яны сапраўдная сям’я.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

