Снова кружили пары на городском балу в Докшицах…
Вечар пятніцы ў ККЗ “Іскра” быў азнаменаваны традыцыйным раённым мерапрыемствам, якое завяршыла шэраг навагодніх і калядных свят, – гарадскім балем “Пад гукі паланэза”. У юбілейным, дзясятым па ліку, свецкім раўце ўдзельнічалі адзінаццаць танцавальных пар. Галоўныя тытулы Караля і Каралевы сёлета прысвоены Даніілу Лісянскаму і Надзеі Чучман.
Ганаровымі гасцямі свята сталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, дырэктар РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Дзмітрый Каляга, благачынны Докшыцкай царкоўнай акругі протаіерэй Леанід Страха, настаяцель храма Праабражэння Гасподняга протаіерэй Віктар Гмір.
На пачатку мерапрыемства былі падведзены вынікі раённых навагодніх конкурсаў. За лепшае святочнае афармленне будынкаў і жылых дамоў узнагароды пераможцам уручыла Валянціна Рандарэвіч.
– Конкурс набірае абароты, – адзначыла Валянціна Юр’еўна. – З кожным годам паступае больш і больш заявак. Калі летась іх было сорак, то сёлета – шэсцьдзесят адна. З іх дваццаць чатыры ад раённых арганізацый усіх форм уласнасці. Столькі ж заявак паступіла ад нашых грамадзян, якія пражываюць у прыватных дамах. Сем – ад парафій праваслаўнай і каталіцкай канфесіі, па дзве – ад індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама за афармленне шматкватэрных жылых дамоў, балконаў і пад’ездаў. Пяць вечароў мы патрацілі на тое, каб аб’ехаць і паглядзець усіх нашых канкурсантаў. У выніку сярод усіх удзельнікаў дванаццаць пераможцаў конкурсу, дваццаць адзін удзельнік атрымае дыплом з узнагародай, дваццаць восем – падзякі за ўдзел.
Пераможцаў і прызёраў яшчэ двух творчых конкурсаў узнагародзіла Аксана Палачаніна.
– Хочацца выказаць шчырыя словы падзякі тым арганізацыям, якія прынялі ўдзел у конкурсах, – сказала Аксана Эдуардаўна. – Вы стварылі не толькі выдатны настрой свайму калектыву, але і ў цэлым святочную атмасферу для нашых дзяцей, для жыхароў горада і раёна.
Пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства прыйшоў час пазнаёміцца з танцавальнымі парамі – удзельніцамі гарадскога балю. Сярод іх больш упэўнена адчувалі сябе мінулагоднія танцоры. Гэта Надзея Чучман, якая прадстаўляла аддзел культуры райвыканкама, і Данііл Лісянскі (супрацоўнік РАНС), а таксама настаўнікі СШ № 1 г. Докшыцы імя І.С. Палявога Наталля Стрыжонак і Мікіта Азаранка. Не ўпершыню на балі яшчэ тры галантныя кавалеры – Аляксей Касцючэнка (РАНС), Аляксандр Падбярэзскі (Цэнтр па забеспячэнні бюджэтных арганізацый) і Віталій Глазко (Докшыцкі РАУС), якія на гэты раз танцавалі з Анастасіяй Дабравольскай (ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”), Аляксандрай Зубрыцкай (дзіцячы сад № 1 г. Докшыцы) і Анастасіяй Васілевіч (СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч) адпаведна. Таксама сярод тых, хто першы раз танцаваў паланэз і падэграс, Анастасія Плыгаўка (РАУС) і Аляксей Пярэдня (БП “Докшыцы), Крысціна Куратава (Докшыцкая ЦРБ) і Павел Шынкароў (РАНС), Анастасія Васільчык і Радзівон Грыгор’еў (ВУ “Віцебскторф”), Юлія Шышова (ЦРБ) і Аляксандр Казлоўскі (філіял № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”), Дар’я Асаёнак (дзіцячы сад № 3 г. Докшыцы) і Андрэй Камінскі (аддзел па адукацыі райвыканкама). Разам з моладзю кружыла ў бальных танцах пара сярэбранага ўзросту – старшыня раённага савета ветэранаў Ларыса Кандратовіч і актывіст ветэранскай арганізацыі 96-гадовы Віктар Курнушка.
– З тых танцаў, якія з’яўляюцца конкурснымі на балі, мы з Віктарам Сямёнавічам упэўненыя толькі ў вальсе, – гаварыла Ларыса Іванаўна. – І ён, безумоўна, самы прыгожы, велічны і чароўны. Вельмі рады паўдзельнічаць у свяце, назапасіцца энергіяй моладзі і падзяліцца з ёй сваім вопытам.
– Для маладых спецыялістаў, якія, як і я, па размеркаванні пачалі сваю прафесійную дзейнасць у Докшыцах, падобнае мерапрыемства – добрая падстава знайсці сяброў, пазнаёміцца з равеснікамі, даведацца яшчэ больш пра гэты невялічкі, але такі ўтульны і прыгожы гарадок, у якім асабіста мне ўсё вельмі падабаецца, – заўважыла Юлія Шышова.
– Удзел у балі лічу выдатным навагоднім падарункам, – сказала Анастасія Васілевіч. – Яшчэ адзін, самы прыемны, – атрыманне арэнднага жылля. За гэта хочацца падзякаваць мясцоваму кіраўніцтву. Важна, каб моладзі ўдзялялі ўвагу, каб яна адчувала сябе патрэбнай і атрымлівала натхненне імкнуцца да новых вышынь. Атмасфера тут проста казачная!
– Абавязкова стану ўдзельнікам танцавальнага вечара і ў наступным годзе, – заявіў Аляксандр Падбярэзскі. – Для мяне ён стане ўжо пятым конкурсам, таму з упэўненасцю магу звацца ветэранам балю.
Усе, хто быў запрошаны на сёлетняе свята, бавілі час у шматлікіх конкурсах і, канечне ж, танцавалі. А яшчэ даведаліся пра правілы паводзін на свецкай вечарыне: пра іх расказалі і паказалі іх у інтэрмедыі артысты і ўдзельнікі Докшыцкага народнага тэатра. Жывая музыка гучала ў выкананні настаўнікаў Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага. Музычныя падарункі падрыхтавалі і салісты Докшыцкага ГЦК.
Падчас галасавання на прыз глядацкіх сімпатый кожны змог адзначыць пару, якая спадабалася. Гэты выбар сёлета зноў супаў з меркаваннем журы конкурсу, якія каралём і каралевай балю выбралі Надзею Чучман і Данііла Лісянскага. Кожная пара атрымала свой ганаровы тытул. Дыпломы і падарункі ўдзельнікам балю ўручыў старшыня журы Дзмітрый Каляга.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

















